Чым карысны бурак і як прыгатаваць з яго сокі і сіропы
З бурака гатуюць супы (халаднік, бацвінне), салаты, але таксама з яго можна рабіць карысныя для арганізма сокі і сіропы. Бурак — не толькі смачная гародніна, а найперш — каштоўная лекавая сыравіна. Дазнайцеся, як прыгатаваць з яго напоі, што палепшаць здароўе.
29.06.2023 / 19:54
Фота: Getty Images
Цукровыя, кармавыя, сталовыя
З цукровых буракоў робяць цукар, кармавымі — кормяць жывёлу. Людзі звычайна ўжываюць не цукровыя і не кармавыя, а сталовыя буракі.
Кармавыя буракі могуць важыць да 10—12 кілаграмаў, бываюць жоўтыя, белыя, чырвоныя.
Цукровыя буракі — тэхнічная культура, вынік селекцыі, гэта сыравіна для цукровай прамысловасці. Іх караняплоды звычайна светлыя, важаць 400—500 грамаў, яны багатыя на цукар (да 23%).
Плады сталовых буракоў важаць ад 400 да 900 грамаў, могуць быць цёмна-чырвоныя, бардовыя, чырвона-фіялетавыя. Сталовыя буракі багатыя на цукар (9—16%), бялок (1,8—03%), мінеральныя солі, клятчатку, вітаміны. Спажываюцца караняплоды — вараныя, кансерваваныя, сушаныя — і бацвінне.
Чым карысны бурак?
Буракі змяшчаюць вугляводы: фруктозу, цукрозу і глюкозу, — а таксама натуральныя фарбавальнікі, пекцін, вітаміны — А, C, B, K і РР, шчаўевую і яблычную кіслоты, бялкі і мінеральныя солі: калій, кальцый, фосфар, магній і цынк. Дзякуючы такому багатаму саставу яны маюць гаючыя ўласцівасці.
Бурачны сок і бурачны сіроп вітамінізуюць і ўмацоўваюць арганізм. Іх ужываюць у часе прастудных захворванняў, асабліва пры кашлі, а таксама пры захворваннях кішэчніка, печані і пры гіпертаніі.
Буракі шчолачныя, таму іх раяць ужываць людзям, якія ядуць салодкае і мяса, каб ураўнаважыць кіслотнае асяроддзе.
Але людзі з цукровым дыябетам, нефралогіяй і рэўматызмам павінны быць асцярожныя.
Вараныя чырвоныя буракі маюць высокі глікемічны індэкс і адмоўна ўплываюць на падтрыманне належнага ўзроўню цукру ў крыві. Але дыябетыкі могуць смела ўжываць сырыя буракі ў выглядзе салатаў або сокаў.
Аксалаты, якія ёсць у бураках, могуць выклікаць з'яўленне камянёў у нырках, таму людзі, схільныя да адкладаў камянёў, павінны абмежаваць спажыванне пэўных прадуктаў, у тым ліку буракоў, шчаўя, шпінату, чаю і рэвеню.
Асцярожнасць варта праявіць і пацыентам з астэапарозам, захворваннямі печані і падстраўнікавай залозы.
Часткова пазбавіцца ад аксалатаў можна, калі кіпяціць буракі ў вадзе, бо разам са злітай вадой мы прыбіраем каля 50% шкодных рэчываў.
Ці ўсім можна бурачны сок?
Навуковыя даследаванні паказваюць, што свежы бурачны сок станоўча ўплывае на мозг, які лепш насычаецца кіслародам, што прыводзіць да больш хуткай рэакцыі і больш працяглага часу актыўнасці без пачуцця стомы. Людзі, якія займаюцца спортам, а таксама пажылыя людзі, якія рэгулярна п'юць бурачны сок, маюць добрую фізічную форму. Ужыванне бурачнага соку ўмацоўвае арганізм, таксама гэта эфектыўны сродак пры прастудзе і слабасці, напрыклад, пры грыпе.
Тым не менш кожнаму індывідуальна перад ужываннем бурачнага соку ў лячэбных мэтах лепш пракансультавацца з лекарам.
Фота: Getty Images
Onet.pl прапануе некалькі карысных рэцэптаў.
Бурачны сок з мёдам
Бурачны сок з мёдам дапаможа знізіць артэрыяльны ціск, а таксама палепшыць самаадчуванне.
Спатрэбяцца:
- свежы бурачны сок — паўлітра,
- мёд — паўлітра.
Гатаванне:
- Выцісніце сок з буракоў — абабраных і нарэзаных на больш дробныя кавалачкі. Лепш за ўсё выкарыстаць сокавыціскалку. Маладыя буракі больш сакавітыя. Для паўлітра соку спатрэбіцца 2—3 штукі.
- У апараны слоік уліце бурачны сок, дадайце мёд і ўсё старанна перамяшайце драўлянай лапаткай.
- Піце сок два тыдні за 30 хвілін да ежы — па 2 сталовыя лыжкі, 2—3 разы на дзень.
Бурачны сок з мёдам ад кашлю:
Складнікі:
- бурачны сок,
- мёд.
Гатаванне:
- Бурачны сок змяшайце з мёдам у прапорцыі 1:1. Каструлю з сумессю пастаўце ў больш вялікую з гарачай вадой.
- Награваем каструлю на вадзяной лазні на слабым агні, не даводзячы да кіпення, каб інгрэдыенты захавалі свае гаючыя ўласцівасці. Тэмпература сіропу не павінна перавышаць 45 градусаў па Цэльсію.
- Гатовы сіроп захоўваць у халадзільніку.
Сіроп з цукровых буракоў
Бурачны сок і сіроп, атрыманыя з цукровых буракоў, утрымліваюць вітаміны, мінеральныя солі, фоліевую кіслату, амінакіслату — бетанін і натуральныя фарбавальнікі — бетацыяніны, дзякуючы якім разбураюцца небяспечныя свабодныя радыкалы. Бурачная патака, ці бурачны сіроп, які ўтвараецца пры вытворчасці цукру, выкарыстоўваецца ў харчовай прамысловасці.
Варта пакаштаваць бурачны сіроп, калі вы хочаце паменшыць колькасць цукру, што спажываеце. Бурачная патака замяняе цукар, надае салодкі смак выпечцы, напоям і ёсць выдатным дадаткам да дэсертаў або бліноў.
Натуральны сіроп з цукровых буракоў мае шмат аздараўленчых уласцівасцяў: ён дабратворна ўплывае на нервовую і сардэчна-сасудзістую сістэмы, падтрымлівае функцыю нырак, рэгулюе крывяны ціск і павышае імунітэт. Бурачны сіроп могуць спажываць дзеці, людзі, якія змагаюцца з лішняй вагой, і пажылыя людзі, якія хочуць палепшыць свой фізічны і псіхічны стан.
Складнікі:
- цукровыя буракі — некалькі штук (з 1 бурака атрымаецца 1 шклянка сіропу),
- вада — столькі, каб пакрыць буракі, якія варацца.
Гатаванне:
- Абярыце цукровыя буракі і нарэжце невялікімі кавалачкамі.
- Змясціце нарэзаныя буракі ў каструлю з шырокім дном і заліце дастатковай колькасцю вады, каб яна іх пакрыла.
- Варыце ўсё гэта на слабым агні, пакуль не атрымаецца густы сіроп.
- Духмяная патака пасля таго, як стане карычневай, гатовая да ўжывання.
Бурачны сіроп з мёдам ад кашлю
Бурачны сіроп — эфектыўны адхарквальны сродак, які ўжываецца пры надакучлівым кашлі і запаленні верхніх дыхальных шляхоў.
Складнікі:
- буракі — 3 вялікія кавалкі чырвоных буракоў,
- мёд (падзевы, ліпавы або грачаны — 3 сталовыя лыжкі).
Гатаванне:
- Абярыце буракі і натрыце іх на тарцы. Для гэтага варта выкарыстоўваць медыцынскія пальчаткі, іначай бурачны сок выпацкае рукі.
- Складзіце ўсё ў каструлю, дадайце мёд і перамяшайце.
- Варыце масу на слабым агні каля 20 хвілін.
Бурачны сіроп з цукрам ад кашлю
Спатрэбяцца:
- чырвоныя буракі — 1-2 шт.,
- цукар — 3 ст. л.
Гатаванне:
- Старанна памыйце буракі. Трохі зрэжце верхнюю частку.
- Зрабіце ў бураках вялікія адтуліны, насыпце ў паглыбленні цукар і пакіньце буракі на 1—2 гадзіны.
- Збярыце ў кубак сок, які з'явіўся. Захоўвайце буракі ў халадзільніку, збіраючы сок, які выдзяляецца.
Чытайце яшчэ:
На Камароўцы з'явіліся першыя чарніцы. Пачым прадаюць?
Тры сняданкі з аўсянкі: яблычна-арэхавы, ванільна-мускатны і кунжутна-соевы