У Эстоніі легалізавалі аднаполыя шлюбы

Парламент Эстоніі (Рыйгікогу) прыняў закон, які прадугледжвае магчымасць заключэння шлюбу паміж дзвюма паўналетнімі асобамі незалежна ад іх полу з 1 студзеня 2024 года. Эстонія стала першай краінай ва Усходняй Еўропе, дзе легалізавалі аднаполыя шлюбы.

20.06.2023 / 14:04

Фота: Pavel Golovkin / AP

За прыняцце ініцыяваных урадам змяненняў Закона аб сям'і і іншых звязаных з ім законаў прагаласавалі 55 членаў Рыйгікогу і 34 — супраць, піша Postimees.ee.

Акрамя шлюбу, у людзей у будучыні таксама захаваецца магчымасць заключыць дамову аб сумесным жыцці. Дамова гарантуе зарэгістраваным сужыцелям права прымаць рашэнні датычна адзін аднаго і пры неабходнасці атрымліваць дапамогі і кампенсацыі. Парам, якія заключылі дамову аб сумесным жыцці, будзе забяспечана магчымасць перайсці да шлюбу ў спрошчаным парадку.

Аднаполыя пары зараз могуць усынаўляць дзяцей са згоды біялагічнага бацькі.

Закон устанаўлівае прынцып, згодна з якім у дзіцяці не можа быць больш за два бацькі. Захоўваецца прынцып, згодна з якім правы і абавязкі ў дачыненні да дзіцяці ў першую чаргу належаць яго біялагічным бацькам.

Закон уступіць у сілу з 1 студзеня 2024 года.

«У кожнага павінна быць магчымасць уступіць у шлюб з чалавекам, якога ён кахае і з якім хоча звязаць сваё жыццё. Гэтым рашэннем мы, нарэшце, пацвярджаем сваю прыналежнасць да Паўночных краін і іншых дэмакратычных дзяржаў свету, у якіх гэта права ўжо гарантавана, — сказала прэм'ер-міністр Кая Калас. — Гэта рашэнне, якое нікога нічога не пазбаўляе, але многім дае нешта вельмі важнае. Адначасова яно дэманструе, што члены нашага грамадства клапоцяцца адно пра аднаго і паважаюць адно аднаго. Я ганаруся Эстоніяй».

Nashaniva.com