«Найбольш эфектыўны метад карэкцыі». Мінздароўя пракаментавала прымусовае лячэнне педафілаў
На сайце Міністэрства аховы здароўя апублікавалі падрабязнасці зацверджанага Саўмінам клінічнага пратакола прымусовага лячэння педафілаў.
20.06.2023 / 16:21
Як піша прэс-служба Міністэрства аховы здароўя, гэты дакумент уключае ў сябе як медыкаментозныя, так і псіхатэрапеўтычныя метады лячэння педафіліі, і ўдакладняе, што найбольш дзейсны метад — хімічная кастрацыя.
«Найбольш эфектыўны сёння метад карэкцыі анамальных формаў сэксуальнай цягі, у прыватнасці, педафіліі, — антыандрагенная тэрапія, якая дазваляе знізіць рэцыдывы сэксуальнай злачыннасці за кошт зніжэння ўзроўню тэстастэрону, што агулам зніжае і ўзровень крымінальнай агрэсіі», — каментуе Міністэрства аховы здароўя.
Па словах ведамства, антыандрагены, якія прымяняюцца пры хімічнай кастрацыі, ухваленыя для лячэння сэксуальных злачынцаў «больш чым у 20 краінах, у прыватнасці, у ЗША, Канадзе, краінах Еўрасаюза, шэрагу краін Блізкага Усходу».
«Важна адзначыць, што, у адрозненне ад хірургічнай кастрацыі, якая выклікае незваротныя змены і крытыкуецца шэрагам міжнародных праваабарончых арганізацый, антыандрагенная тэрапія — гэта сучасны і эфектыўны метад, які дазваляе кантраляваць паталагічныя формы сэксуальнай цягі і паводзін», — пішуць у прэс-рэлізе.
Учора па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры быў зацверджаны план мерапрыемстваў па абароне дзяцей ад сэксуальнага гвалту і эксплуатацыі. Ён прадугледжвае ўвядзенне хімічнай кастрацыі педафілаў. Адначасова пад шумок упершыню ўвялі таксама адказнасць за «прапаганду нетрадыцыйных сэксуальных адносін» і бяздзетнасці на ўзор таго, што існуе ў Расіі. Гэтыя нормы лёгка могуць быць выкарыстаныя для пераследу прадстаўнікоў ЛГБТ і адзінокіх людзей.
Чытайце таксама:
Чаму ў Беларусі сталі выкрываць больш педафілаў? Адказвае следчы
Пракуратура расказала, чаму прызналі «экстрэмісцкімі» паблікі «чайлдфры»