Міліцыя адмовілася шукаць вінаватых у вандалізме ў «віцебскіх Курапатах»

У маі гэтага года невядомыя вандалы каля вёскі Хайсы Віцебскага раёна паламалі некалькі крыжоў, знішчылі мемарыяльныя шыльды і паказальнікі да ямін у лесе, дзе ў 1930-я гады адбываліся расстрэлы так званых «ворагаў народа». Па гэтым факце ў міліцыю быў накіраваны зварот, але сілавікі адмовіліся рэагаваць на факты вандалізму, піша «Віцебская вясна».

20.06.2023 / 23:09

Зварот у міліцыю накіраваў праваабаронцу Павел Левінаў. Ён прасіў даць прававую ацэнку дзеянням невядомых, якія папсавалі самаробны мемарыял, створаны ўдзельнікамі ініцыятывы «Хайсы — віцебскія Курапаты» і неабыякавымі грамадзянамі, якія шануюць гістарычную памяць.

Адказ Паўлу Левінаву быў кароткі: маўляў, супрацоўнікі міліцыі правялі праверку і не знайшлі падстаў для наступных дзеянняў. Інакш кажучы, Віцебскі РАУС адмовіўся распачынаць адміністрацыйныя або крымінальныя справы па фактах вандалізму ў «віцебскіх Курапатах».

Сёлетні выпадак вандалізму — не першы ў гісторыі народнага мемарыялу ў Хайсах. У 2015-м годзе стваральнік ініцыятывы Ян Дзяржаўцаў ужо звяртаўся ў міліцыю Віцебскага раёна з нагоды знікнення некалькіх крыжоў. Тады ён напісаў заяву як уласнік маёмасці, якую скралі невядомыя. Была заведзена адміністрацыйная справа, на месца выязджалі супрацоўнікі міліцыі і з іх дапамогай нават удалося знайсці некалькі крыжоў, зламаных і патопленых у балаціне.

Аднак вінаватых не сталі шукаць і тады: Яну Дзяржаўцаву далі адказ, што адміністрацыйную справу спыняюць, бо ён панёс надта нязначны матэрыяльны ўрон.

Чытайце таксама: 

У Курапатах камунальнікі спілоўвалі дрэвы, тыя падалі на крыжы

«Не выключаю, што па загадзе мясцовых уладаў». У «віцебскіх Курапатах» знішчылі крыжы, шыльды і ўказальнікі да месцаў расстрэлаў

Памятны знак Вацлаву Ластоўскаму ў Курапатах ачысцілі ад надпісаў вандалаў

Nashaniva.com