У Новай Маскве і Падмаскоўі ўпалі тры беспілотнікі

Тры беспілотныя лятальныя апараты збілі ў Новай Маскве і Нара-Фамінскім раёне Маскоўскай вобласці з дапамогай сродкаў радыёэлектроннай барацьбы.

21.06.2023 / 08:03

Фота: Mash

«У Новай Маскве ў полі ля вёскі Лукіна, а таксама ў раёне [дыслакацыі] Таманскай дывізіі ў Падмаскоўі збілі сродкамі радыёэлектроннай барацьбы тры беспілотнікі, якія ўпалі, не пашкодзіўшы якіх-небудзь аб'ектаў. Абломкі будуць накіраваныя на экспертызу», — сказаў суразмовец ТАСС.

Ён адзначыў, што, паводле папярэдніх звестак, пацярпелых у выніку здарэння няма. На месцы цяпер працуе паліцыя.

Губернатар Маскоўскай вобласці Андрэй Вараб'ёў пацвердзіў збіванне БПЛА ў пасёлку Калінінец:

«Сёння два апараты самалётнага тыпу ўпалі ў 5:30 і 5:50 раніцы на падлёце да складоў адной з вайсковых часцей у выніку процідзеяння вайскоўцаў. Асколкі выяўленыя, разбурэнняў і пацярпелых няма», — цытуе яго Mash.

Nashaniva.com