У Польшчы двух беларусаў будуць судзіць за шпіянаж. Ім пагражае да 10 гадоў турмы

Два беларусы адкажуць перад судом за шпіёнскую дзейнасць на тэрыторыі Польшчы. Аддзел па вайсковых справах акруговай пракуратуры ў Познані завяршыў расследаванне іх справы і вынес абвінаваўчае заключэнне, паведамляе RMF24.

21.06.2023 / 15:13

Нацыянальная пракуратура Польшчы паведаміла, што падазраваных затрымалі ў красавіку 2022 года. Паводле вынікаў следства, яны прыбылі ў Польшчу пад выглядам працы ў якасці кіроўцаў.

«На падставе матэрыялаў службы вайсковай контрразведкі і матэрыялаў, сабраных падчас пракурорскага расследавання, устаноўлена, што пад выглядам працы ў Польшчы беларусы бралі ўдзел у дзейнасці вайсковай разведкі. Мужчыны збіралі інфармацыю аб Узброеных сілах Польскай Рэспублікі і інфраструктурных аб'ектах, крытычна важных для абароны краіны», — гаворыцца ў паведамленні краёвай пракуратуры.

Беларусы дзейнічалі на тэрыторыі заходняй Польшчы, засяродзіўшыся на зборы інфармацыі аб Узброеных сілах, а таксама грамадзянскіх кампаніях, звязаных з транспартам і лагістычнай дзейнасцю, як расказаў рэпарцёру RMF FM пракурор Лукаш Ваўжыняк.

Па хадайніцтве пракурора аддзела па вайсковых справах акруговай пракуратуры Познані ў дачыненні да падазраваных з моманту іх затрымання прымяняецца мера стрымання ў выглядзе часовага арышту.

Мужчынам пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Nashaniva.com