Intercars запусціў прамыя аўтобусныя рэйсы ў Крым

І яны карыстаюцца вялікай папулярнасцю, як кажуць арганізатары туру.

22.06.2023 / 09:57

Фота: Blizko.by

Intercars запусціў аўтобусныя рэйсы з Мінска на паўднёвы бераг анексаванага Крыма — у Ялту і санаторый «Белоруссия» ў Місхоры. Аўтобус ідзе праз Гомель, Бранск, Арол, Варонеж, Растоў-на-Доне, Краснадар, Феадосію, Сімферопаль і Алушту. Гэта 2450 кіламетраў, а час складае 39,5 гадзіны.

Дырэктарка кампаніі «Баертранс» (яна прадстаўляе Intercars у Беларусі) Юлія Бурдон-Сабецкая расказала для blizko.by:

«Мы запусцілі аўтобусы ў Ялту і Краснадарскі край, якія цяпер карыстаюцца вялікай папулярнасцю. Праз праблемы з візамі ў беларусаў застаўся не вельмі вялікі выбар, таму Крымскае ўзбярэжжа і Краснадарскі край прыцягваюць нямала турыстаў. Маршруты доўгія, аднак мы бачым добры попыт на гэтыя кірункі і ўстойлівы пасажырапаток».

«Пасажырам даступныя многія паўднёвыя напрамкі: Растоў і Краснадар, Анапа і Віцязева, Феадосія, Ялта, Алушта, Сімферопаль. У гэтыя гарады цяпер можна паехаць з Мінска. У Растоўскую вобласць і Краснадарскі край з Мінска ідуць прамыя аўтобусы, пры паездцы ў гарады Крыма трэба зрабіць перасадку ў Бранску, бо другое «плячо» маршруту абслугоўваецца расійскай кампаніяй», — працягвае Юлія.

Беларускі аўтобус давозіць пасажыраў да Бранска, дзе тыя перасаджваюцца ў аўтобус Yutong, у якім ёсць рамяні бяспекі, Wi-Fi і USB-разеткі. 

«Маршрут доўгі, аўтобус знаходзіцца ў шляху да канцавога прыпынку амаль 40 гадзін, таму мы досыць часта — кожныя 4-4, 5 гадзіны — робім прыпынкі ў кафэ з туалетамі. Спыняемся ў тых месцах, якія спецыяльна ўладкаваныя для прыёму аўтобусаў і дзе ёсць адразу па 5-6 кабінак, каб не выстройваліся чэргі», — гаворыць Бурдон-Сабецкая.

«Мы ўлічваем тое, што з нядаўніх часоў на беларуска-расійскай мяжы ўвялі паглыбленыя праверкі, і ў расклад закладваем час на выкананне ўсіх фармальнасцяў. Вядома, трэба разумець, што ў летні час на паўднёвым кірунку шмат машын і рух можа быць ускладнены. Але мы ўкладваемся ў расклад», — кажа прадстаўніца кампаніі. 

Квіток ад Мінска да канчатковага пункта падарожжа — санаторыя «Белоруссия» ў Місхоры — каштуе 275 рублёў. Для дзяцей, моладзі і пенсіянераў прадугледжаная зніжка ў 10%, таксама ёсць зніжкі на групавыя білеты.

У планах — запусціць рэйсы ў Еўпаторыю ў анексаваным Крыме і ў Туапсэ і Сочы ў Краснадарскім краі.

Nashaniva.com