Паўла Севярынца пераводзяць на турэмны рэжым

Палітык, сузаснавальнік партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» і пісьменнік больш за тры гады ўтрымліваецца ў зняволенні. 

22.06.2023 / 11:52

Вольга Севярынец чакае мужа пасля 75 сутак на Акрэсціна ў ліпені 2020 года. Паўла так і не выпусцілі

Паўла Севярынца затрымалі 7 чэрвеня 2020 года каля дома, калі ён вяртаўся з перадвыбарчага пікета Святланы Ціханоўскай на мінскай Камароўцы.

Яго пяць разоў судзілі па адміністрацыйных артыкулах, але праз 75 дзён ён так і не выйшаў на волю, а супраць яго распачалі крымінальную справу.

У маі 2021 яму і яшчэ шасці палітвязням прысудзілі ад чатырох да сямі гадоў калоніі. Паўлу далі сем гадоў. Суд праходзіў у закрытым рэжыме. 

У красавіку адміністрацыя папраўчай калоніі №17 прызнала Паўла «злосным парушальнікам рэжыму». Яго ўтрымлівалі ў ШІЗА некалькі месяцаў, а потым перавялі ў ПКТ на 3 месяцы. Вядома, што ў яго праз гэта пачаліся праблемы са здароўем.

Учора, 21 чэрвеня, у Шклове адбыўся суд па замене Севярынцу рэжыму ўтрымання. Суддзя Аляксандр Тараканаў пастанавіў перавесці палітыка ў турму тэрмінам на тры гады. Хутка яго этапуюць з калоніі, як паведамляе «Вясна».

Падтрымаць палітвязня пакуль можна па наступным адрасе: ПК №17, 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8, Павел Канстанцінавіч Севярынец

Nashaniva.com