«Ракета трапіла роўненька ў кабінет». Украінцы знішчылі расійскага палкоўніка, які кіраваў змаганнем з падполлем на акупаваных тэрыторыях
Палкоўнік загінуў 10 чэрвеня ў адным з будынкаў базы адпачынку на Арабацкай Стрэлцы ў Генічаскім раёне.
22.06.2023 / 17:14
Сяргей Паставалаў загінуў у выніку атакі па базе адпачынку на Арабацкай Стрэлцы
У Расіі афіцыйна пацвердзілі гібель палкоўніка ўнутранай службы РФ Сяргея Паставалава. Паведамленне аб пахаванні, якое адбылося 21 чэрвеня, апублікавалі ў тэлеграм-канале паліцыі Варонежскай вобласці Расіі.
Паставалаў у мірны час працаваў намеснікам начальніка ўпраўлення МУС Варонежскай вобласці, дзе ён курыраваў упраўленне па ахове грамадскага парадку, дарожнай паліцыі рэгіёна, канвойную службу і экспертны цэнтр. Восенню 2022 года Паставалаў быў накіраваны ў акупаваную Херсонскую вобласць, дзе яго прызначылі намеснікам начальніка ўпраўлення МУС.
Паводле інфармацыі тэлеграм-канала «7х7», 53-гадовы Сяргей Паставалаў трапіў пад абстрэл 10 чэрвеня. Палкоўнік знаходзіўся ў адным з будынкаў базы адпачынку на Арабацкай Стрэлцы ў Генічаскім раёне падчас візіту віцэ-прэм'ера, міністра прамысловасці і гандлю РФ Дзяніса Мантурава.
«РИА Новости» пісалі пра ўдар па пансіянаце ракетамі Storm Shadow і аднаго чалавека, які загінуў.
Як высветлілася пазней, удар быў нанесены па пляжным пансіянаце Chalet Thermal у сяле Шчасліўцаве на Арабацкай Стрэлцы, што выклікала вялікі пажар.
Расійскі прапагандысцкі тэлеграм-канал Рыбар падаў гэтую атаку як «працяг удараў па грамадзянскіх аб'ектах». А пансіянат Рыбар назваў пунктам «часовага размяшчэння для эвакуяваных з зоны падтаплення жыхароў».
Але, як высветлілася, гэта хлусня. Там былі не мірныя жыхары, а вайскоўцы.
Паводле інфармацыі крыніцы «7х7», сярод іх быў і Паставалаў, пахаванне якога павінна было прайсці пасля ідэнтыфікацыі парэшткаў.
«Сёння ў Варонежы развітваюцца з палкоўнікам Паставалавым, — піша ў сваім тэлеграм-канале ваенкар «Трынаццаты», расійскі баец, які ваюе ў Херсонскай вобласці. — Ракета патрапіла роўненька ў яго кабінет. Яго забойства, думаю, наўпрост звязанае з тым, што ён наносіў прыкметную шкоду ўкраінскім шпіёнам і ждунам [украінцы, якія чакаюць вызвалення сваёй зямлі] у рэгіёне, актыўна ўдзельнічаючы ў інтэграцыі Херсонскай вобласці».
Будынак пансіяната ўваходзіць у комплекс недабудаванай клінікі аднаўленчага лячэння прафесара Уладзіміра Казяўкіна, які быў заняты пад патрэбы расійскай арміі восенню 2022 года пасля адступлення расійскай арміі з Херсона і абвяшчэння Генічаска «часовай сталіцай» Херсоншчыны. Гэты комплекс уяўляе сабой новы «ўрадавы квартал».
Як паведамілі Цэнтру журналісцкіх расследаванняў мясцовыя жыхары, пасля ўдару загарэліся два корпусы, заселеныя чыноўнікамі з Расіі і мясцовымі калабарантамі. Агульная колькасць пацярпелых невядомая.
Чытайце яшчэ:
Украінцы ракетным ударам знішчылі начальніка штаба 35-й арміі
Міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу ўпершыню з верасня 2022 года расказаў пра расійскія страты
У Новай Тавалжанцы забіты расійскі палкоўнік, кіраўнік аператыўнай групоўкі «Белгарад»