Міжнародную баксёрскую асацыяцыю, якая дазволіла беларускім спартсменам выступаць пад дзяржаўнай сімволікай, выключылі з алімпійскага руху

Міжнародны алімпійскі камітэт адклікаў сваё прызнанне IBА — кіроўнага органа аматарскага бокса. Пры гэтым у МАК заявілі, што бокс усё адно ўключаць у праграму Гульняў 2024 і 2028 гадоў у Парыжы і Лос-Анджэлесе, як піша «Радыё Свабода».

22.06.2023 / 17:03

Расіянін Умар Крамлёў, кіраўнік Міжнароднай баксёрскай асацыяцыі (IBA)

Выканаўчая рада МАК прагаласавала 69 галасамі супраць 1 за выключэнне Міжнароднай баксёрскай асацыяцыі (IBA) з Алімпійскага руху. 10 сяброў рады ўстрымаліся.

Спрэчка МАК з IBA, на чале якой Умар Крамлёў з Расіі, праходзіць ужо чатыры гады. У 2019 годзе МАК прыпыніла прызнанне баксёрскай асацыяцыі праз шматлікія карупцыйныя скандалы. Таксама асацыяцыя дазваляла ўдзел расійскіх і беларускіх спартсменаў у баях пад дзяржаўнай сімволікай.

«МАК пастаянна і цярпліва спрабаваў дапамагчы ў некалькіх праблемных сферах. Рэвалюцыйных зменаў за гэтыя гады не адбылося. Гэта сітуацыя, з якой няма вяртання», — заявіў генеральны дырэктар МАК Крыстаф Дэ Кепэр на сесіі МАК у Лазане.

Рашэнне аб удзеле расійскіх і беларускіх спартсменаў у парыжскай Алімпіядзе 2024 года пакуль не прынялі, яго некалькі разоў адкладалі. І гэтым разам прэс-сакратар арганізацыі Марк Адамс пасля пасяджэння Выканаўчага камітэта МАК у Лазане выказаўся на гэтую тэму абцякальна:

«Мы сказалі, што прымем рашэнне, калі прыйдзе час. Думаю, трэба паглядзець, як развіваюцца падзеі. Я не магу паказаць тэрміны».

Алімпіяда ў Парыжы мае пачацца 26 ліпеня 2024 года.

Чытайце таксама:

Паўла Латушку запрасілі паўдзельнічаць у адкрыцці ІІІ Еўрапейскіх гульняў у Кракаве. Мінулыя гульні праходзілі ў Мінску, і іх адкрываў Лукашэнка

Раней за Глеба і Домрачаву. Зашквары беларускага спорту да 2020 года

Вызначыліся супернікі беларускіх клубаў у кваліфікацыі Лігі канферэнцый

Nashaniva.com