Кампанія OceanGate афіцыйна паведаміла пра гібель людзей, якія знаходзіліся ў батыскафе «Тытан»
Кампанія-ўладальніца зніклага ў Атлантыцы батыскафа «Тытан» OceanGate выступіла з заявай. Згодна з ёй, усе пяць чалавек, якія знаходзіліся ў апараце, што спускаў турыстаў да патанулага «Тытаніка», «на жаль, загінулі», як паведамляе CNN.
22.06.2023 / 22:16
Загінулыя ўдзельнікі экспедыцыі. Калаж CNN
Гібель пяці чалавек афіцыйна прызнала таксама і берагавая ахова ЗША.
На борце «Тытана» знаходзіліся брытанскі бізнэсмен Хэміш Хардынг, бізнэсмен з Пакістана Шахзада Давуд і яго 19-гадовы сын, а таксама заснавальнік кампаніі OceanGate Стоктан Раш і французскі даследчык Поль-Анры Наржале.
Раней у зоне пошуку батыскафа знайшлі абломкі. Спецыялісты вызначылі, што яны адносяцца да знешняй часткі апарата. Пошукі капсулы з людзьмі працягваюцца.
Запасы кіслароду на зніклым батыскафе, па разліках спецыялістаў, скончыліся 22 чэрвеня каля 14:00 па мінскім часе.
Сувязь з батыскафам, які належыць кампаніі OceanGate, знікла 19 чэрвеня праз дзве гадзіны пасля апускання пад ваду. Як мяркуецца, апарат знаходзіцца на глыбіні большай за тры кіламетры.
Чытайце таксама: