Да 1 жніўня Каардынацыйная рада ўзгодніць сяброў Аб’яднанага пераходнага кабінета
Каардынацыйная рада прапаноўвае падвесці вынікі гадавой працы Аб'яднанага пераходнага кабінета. Адкрытыя слуханні адбудуцца да 1 жніўня, як паведамляе прэс-служба арганізацыі.
23.06.2023 / 11:24
Аб'яднаны кабінет: Аляксандр Азараў, Валер Кавалеўскі, Святлана Ціханоўская, Аліна Коўшык, Валер Сахашчык. Фота: ОСЦ
Нарада фракцый КР даслала ў АПК афіцыйны зварот з прапановай правесці слуханні справаздач асобных прадстаўнікоў Кабінета, а таксама выніковую справаздачу па працы Кабінета за год. У звароце нагадваецца, што нацыянальная лідарка Святлана Ціханоўская публічна заяўляла, што такія справаздачы будуць рабіцца рэгулярна і функцыю іх прыняцця павінна ўзяць на сябе рэарганізаваная Каардынацыйная рада.
— У жніўні 2023 года з моманту фармавання Абʼяднанага пераходнага кабінета пройдзе год, — пазначана ў звароце. — Пры яго фармаванні нацыянальным лідарам Беларусі Святланай Ціханоўскай, а таксама прадстаўнікамі АПК былі зробленыя публічныя заявы адносна неабходнасці ўсталявання новай структуры адносінаў паміж АПК і рэфармаванай Каардынацыйнай радай. За Каардынацыйнай радай замацоўваліся прадстаўнічыя функцыі, функцыі нагляду за працай Кабінета, ухвалення складу і кандыдатураў прадстаўнікоў Абʼяднанага пераходнага кабінета, а таксама прыняцця яго справаздач», — абгрунтавалі нагоду звароту дэлегаты КР.
Па выніках слуханняў будуць узгодненыя кандыдатуры сяброў АПК.
Сярод прадстаўнікоў Кабінета згадваюцца ўсе шасцёра сяброў Кабінета, справаздачы якіх чакаюцца да разгляду: Аляксандр Азараў, прадстаўнік па аднаўленні правапарадку; Вольга Гарбунова, прадстаўніца па сацыяльных пытаннях; Валерый Кавалеўскі, прадстаўнік па замежных справах; Аліна Коўшык, прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні; Павел Латушка, прадстаўнік па транзіце ўлады; Валерый Сахашчык, прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы.