«Вайна патрэбная была, каб купка жывёлін папіярылася». Прыгожын даў рэзананснае інтэрв’ю, у якім падвёў грунт пад спыненне вайны
Кіраўнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын апублікаваў інтэрв’ю, у якім выказаў меркаванне, чаму РФ «зганьбілася» ў вайне з Украінай, каму і навошта вайна была патрэбная, а таксама сказаў, што Украіна не «бамбіла Данбаса». Прыгожын абвінаваціў у тым, што адбылося, Шайгу, алігархаў, але не Пуціна. На яго думку, «Пуціна падманулі». Вось некаторыя цытаты.
23.06.2023 / 14:44
Кіраўнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын. Фота: прэс-служба ПВК
Паводле Прыгожына, з 2014 па 2022 год Данбас «распілоўвалі» людзі з Адміністрацыі прэзідэнта Расіі, спецслужбы і алігархі.
«На 24 лютага [2022 года, калі Расія напала на Украіну] нічога звышардынарнага не было.
Мінабароны спрабуе падмануць прэзідэнта, грамадскасць і расказаць, што з боку Украіны была вар'яцкая агрэсія і яны збіраліся разам з усім блокам NATO на нас напасці. Спецаперацыю пачалі зусім з іншых прычын».
«Вайна была патрэбная, каб Шайгу атрымаў маршала. Каб не вярнуць у наша ўлонне расійскіх грамадзян. І не для таго, каб дэмілітарызаваць і дэнацыфікаваць Украіну.
Яна была патрэбная дзеля адной зоркі з дадатковай вышыўкай, каб калі адзін чалавек, псіхічна хворы, ляжа ў труну, на падушцы прынеслі гэтую зорку», — сказаў Прыгожын пра міністра абароны РФ Шайгу.
«Вайна патрэбная была алігархам. Таму клану, які сёння фактычна кіруе Расіяй. Дык вось, другая задача аперацыі — прызначэнне нейкім прэзідэнтам Украіны Медзведчука. Задача была ў матэрыяльных актывах, якія неабходна было падзяліць на Украіне. Кралі на Данбасе пачкамі, але захацелася больш».
«Вайна была патрэбная толькі для таго, каб купка жывёлін проста пасвяткавала і папіярылася», — яшчэ яго цытата.
«Уся аперацыя [пачатак вайны 24 лютага 2022 года] трымалася ў сакрэце. Усе камандармы не ў курсе былі, што адбываецца. Пераможныя карты, як у часы Вялікай Айчыннай, з прыгожа намаляванымі стрэлачкамі, хадзілі, насілі Шайгу тыя, хто ніколі ў жыцці зброі ў руках не трымаў. І атрымалася тое, што атрымалася», — гаворыць Прыгожын.
«Бяздарна спланаваная аперацыя. Чамусьці купка прыдуркаў вырашыла, што яны настолькі хітражопыя, што ніхто не зразумее, чым яны займаюцца падчас «вучэнняў» [напярэдадні 24 лютага 2022 года], і ніхто не спыніць іх, калі яны пойдуць у Кіеў.
І ніхто б не спыніў, калі б гэтыя дэгенераты не выбудавалі даўжэзныя калоны <…> і не адправілі б голых і босых салдат у бок Кіева і на іншыя ўчасткі».
«Дайшлі да Кіева, патапталіся. У Шайгу проста яек не хапіла. Ён баязліва сядзеў у сваім кабінеце і ў канцы першага дня вельмі моцна здзівіўся, чаму войскі не могуць прасунуцца.
Далей — бязлітаснае закідванне ПДВ пад Гастомель. Хлопцы, якія прыляцелі і загінулі, яны не ведалі, якія яны выконваюць задачы. У першыя дні вайны Шайгу загубіў тысячы расійскіх салдат, самую баяздольную частку арміі».
«Псіхічна хворыя падонкі вырашылі: нічога страшнага, мы кінем «на мяса» яшчэ некалькі тысяч рускіх хлопцаў, яны здохнуць пад агнём артылерыі, але мы свайго даможамся. Так таксама можна рабіць, калі ты гатовы адказваць за свае словы — ідзі наперад да канца. Але яны не гатовыя. Ім хочацца жыць у камфорце. Таму вайна зайшла ў зацяжны характар».
«У сярэдзіне сакавіка [2022-га] «Вагнера» паклікалі на вайну. Шайгу схаваўся, яго было не відаць. Гэта быў дрыготкі дзядок, які думаў пра тое, як бы яму выйсці з гэтай сітуацыі. У гэты момант яго трэба было выкінуць на сметнік гісторыі, судзіць і пакараць за тое, што ўжо ў той час загубленыя дзясяткі тысяч жыццяў дзецюкоў».
Прыгожын гаворыць, што напярэдадні вайны з Украінай можна было дамаўляцца.
«Прыгожая гісторыя дэмілітарызацыі і дэнацыфікацыі Украіны была б магчымая, калі б за тры дні быў бы зменены рэжым. Хоць, наколькі я пагружаны ў гэтую гісторыю, Зяленскі, калі стаў прэзідэнтам, гатовы быў да любых дамоўленасцяў. Усё, што трэба было зрабіць, гэта злезці з Алімпа, пайсці і дамовіцца», — кажа кіраўнік ПВК.
Прыгожын напісаў, што гэта першая частка яго інтэрв’ю.
Чытайце таксама:
У Прыгожына хочуць адабраць «вагнераўцаў»
«Пачвары смярдзючыя, вы што робіце?» Прыгожын накінуўся на Мінабароны Расіі