Эксперт: Эканоміка Беларусі спраўляецца з санкцыямі лепш, чым чакалася
Беларуская эканоміка дае рады наступствам санкцый, але існуюць патэнцыйныя праблемныя моманты. Такую думку выказаў эканаміст BEROC Анатоль Харытончык.
24.06.2023 / 08:09
Калі меркаваць па дынаміцы ВУП, то, магчыма, у кароткатэрміновым перыядзе эканоміка адаптуецца да санкцый даволі паспяхова. Дынаміка складваецца лепш, чым першапачаткова яе прагназавалі эксперты. Але праблема ў тым, што санкцыі ўплываюць на эканоміку ў доўгатэрміновай перспектыве і
Беларусь губляе тыя галіны, у якіх краіна мела відавочныя канкурэнтныя перавагі. Такой галіной эксперт называе ІТ-сферу, якая магла раней спрыяць развіццю беларускай эканомікі, але цярпіць праз санкцыі.
Таксама Харытончык адзначае, што Беларусь арыентуецца ў сваім тэхналагічным развіцці на краіны з нашмат ніжэйшым узроўнем, чым ЗША ці еўрапейскія краіны. На яго думку, такая арыентацыя прывядзе да таго, што беларуская эканоміка працягне стагніраваць. У кароткатэрміновым перыядзе атрымалася перапраграмаваць ланцужкі паставак, і, як мяркуе эксперт, вялікую ролю ў гэтым адыграў малы і сярэдні бізнэс, нягледзячы на ўвесь ціск на яго.
Анатоль тлумачыць, што для стану беларускай эканомікі ў другім паўгоддзі будзе важна тое, наколькі ланцужкі экспартных і імпартных паставак, што створаны за апошні год, трывалыя. Пакуль што складана ручацца за тое, што яны надзейныя, могуць мець месца і другасныя санкцыі. Калі нешта здарыцца і экспарт ускладніцца, тады нас чакае пагаршэнне эканамічнай актыўнасці.
Акрамя таго, нельга выключаць небяспеку, звязаную з дынамікай расійскай эканомікі, тут магчымы і станоўчы, і адмоўны варыянт. Адпаведна беларускую эканоміку можа чакаць шок, звязаны з унутранай эканамічнай палітыкай.
«Гатовыя ўзяць пенсіянераў». Паглядзелі, што дзеецца з вакансіямі, іх колькасць вас здзівіць
«Штадлер» пакідае беларускі рынак — міністр транспарту Літвы