«Яшчэ можна паспрачацца, хто большы драпежнік і хто прыносіць больш шкоды — бусел ці сіп». Экзатычная птушка пасялілася ў Лёзненскім раёне ў спустошанай буслянцы

Па інфармацыі мясцовых чыноўнікаў, белагаловы сіп, залётная драпежная птушка з роду грыфаў, цяпер часцей за ўсё знаходзіцца ў раёне вёскі Горбава-1 Лёзненскага раёна, а начуе яна ў адным са спустошаных бусліных гнёздаў — на воданапорнай вежы, пішуць «Народныя навіны Віцебска».

23.06.2023 / 19:35

Пасля паступлення інфармацыі аб выяўленні драпежнай птушкі было праведзена пасяджэнне камісіі па аказанні дапамогі дзікім жывёлам на тэрыторыі Лёзненскага раёна, створанай пры Лёзненскім райвыканкаме. Па выніках пасяджэння быў аформлены пратакол пасяджэння камісіі, якім даецца шэраг даручэнняў зацікаўленым асобам.

«Любая жыўнасць мае права на жыццё. І яшчэ можна паспрачацца, хто большы драпежнік і хто прыносіць больш шкоды — бусел ці сіп. Бусел жа таксама не сілкуецца яблыкамі і бульбай. Ён есць усё жывое, пачынаючы ад яшчарак, жаб, змей, птушанят дробных птушак. Тым не менш бусел — гэта сімвал Беларусі і нікому ў галаву не прыходзіць думка змагацца з ім.

Натуральна, вельмі непрыемна, што СІП расправіўся з буслянятамі на вачах у жыхароў. Але падставы адлоўліваць альбо адстрэльваць птушку няма», — лічаць лёзненскія чыноўнікі.

Пры гэтым за апошнія 9 дзён інфармацыі аб спусташэнні гнёздаў буслоў не паступала, паведамляе Лёзненская раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Фактаў, якія пацвярджаюць патэнцыйную пагрозу жыццю і здароўю мясцовага насельніцтва, а таксама маёмасці грамадзян, таксама не ўстаноўлена. Месцазнаходжанне птушкі, яе паводзіны знаходзяцца на кантролі, гаворыцца ў паведамленні, распаўсюджаным праз сацсеткі.

Нагадаем, што ў пачатку чэрвеня ў вёсцы Выхадцы Лёзненскага раёна заўважылі дзіўную птушку, падобную на грыфа. Праз некаторы час чужынец стаў руйнаваць гнёзды буслоў і есці птушанят. Арнітолагі вызначылі, што гэта белагаловы сіп — птушка, якая ў нас стала не жыве, а залятае вельмі рэдка. Мяркуючы па ўсім, драпежнік прыляцеў у Віцебскую вобласць з тэрыторыі расійскай Смаленскай вобласці, дзе быў заўважаны крыху раней.

Чытайце таксама:

Грыф, які забівае беларускіх буслянят, прыляцеў з Расіі — «Народныя навіны Віцебска»

Птушкары прыязджаюць да сіпа амаль штодня: трагедыя для буслоў, радасць для арнітолагаў

На поўначы Беларусі экзатычная птушка наводзіць страх на буслоў

Nashaniva.com