«Я ж памру, калі не буду варушыцца і іграць». 70-гадовы мужчына восем гадоў штотыдзень прыязджае ў Мінск з гармонікам

Тыя, хто рэгулярна бывае на станцыі метро «Пятроўшчына», Валерыя Васільевіча пазнаюць здалёк — па гуках гармоніка. Васільевіч, як яго шмат хто называе, ужо «прапісаўся» ў гэтым падземным пераходзе, і ягоны гармонік тут можна пачуць штотыдзень. А прыязджае ён у Мінск з Геранёнаў Іўеўскага раёна. «А шостай вечара мая «змена» заканчваецца, і мы можам спакойна пагутарыць у суседняй кавярні», — прызначае журналісту «Народнай Волі» час і месца сустрэчы гарманіст.

24.06.2023 / 21:23

Ікра, крабы і гармонік…

— Нарадзіўся я на востраве Сахаліне, — пачынае са свайго дзяцінства Валерый Алейнік. — Пасля вайны мае бацькі завербаваліся і паехалі туды працаваць. Жыццё прымусіла. Як казала мая мама, у бацькі быў толькі шынель, а ў яе — ірванае паліто. Мама, дарэчы, з Украіны, а бацька — расеец, з Омска.

На Сахаліне мы і нарадзіліся: два браты і дзве сястры. Там прайшло маё дзяцінства. Памятаю, што крабаў, рыбы заўсёды хапала — і вэнджаная была, і вяленая. Ікру чырвоную слоікамі елі.

— Да гармоніка бацькі ў дзяцінстве прывучылі?

— Калі мне было гадоў з дзесяць, бацька сказаў: «Бяры гармонік». Я тады не асабліва адчуваў цягу да гэтага музычнага інструмента, але ў двары ў нас пастаянна збіралася вялікая кампанія — амаль уся вуліца прыходзіла. Кожны дзень самі ладзілі вечары адпачынку — танцы для моладзі. Самі сабе пляцоўку знайшлі, вычысцілі яе, уладкавалі.

У нас быў хлопец, які добра граў на гармоніку, але інструмента ў яго не было. Прасіў, каб я прынёс з дому. Я выносіў — ён іграў. Паіграе трохі — перастане. Любіў, каб яго ўпрошвалі. І тады я сам пачаў асвойваць гармонік. За тыдзень вывучыў вальс «Дунайскія хвалі», на патэфоне пласцінку слухаў і запомніў мелодыю. З кожным днём рэпертуар пашыраўся ўсё больш і больш.

Так, можна сказаць, і навучыўся. Самавук. Пазней іграў на гармоніку і ў вучылішчы, і ў войску…

«Я табе дам усё: і кватэру, і жонку…»

Калі Валерыю было 13 гадоў, сям'я пераехала ва Украіну, на радзіму маці. У Белай Царкве хлопец пайшоў у мясцовую школу, пачаў вывучаць украінскую мову.

— Я на геаметрыі не разумеў, калі настаўніца пыталася пра нейкі «кут», — успамінае суразмоўца. — Потым ужо даведаўся, што гэта вугал. Але з часам, вядома, мову асвоіў.

Скончыў восем класаў, затым паехаў у Кіеў і паступіў у вучылішча марскога і рачнога флоту. Усё на мора рваўся. Але пасля заканчэння вучобы ў плаўсастаў мяне не ўзялі, таму што не было яшчэ 18 гадоў. Затым пачаліся вайсковыя будні — службу праходзіў у Гродзенскім пагранатрадзе.

Пасля службы адправіўся да маці, ёй там аперацыю зрабілі, але праз некаторы час зноў вярнуўся ў Гродна. Паступіў у мясцовае культасветвучылішча на харэографа. Без падманнай сціпласці хачу сказаць, што мяне завуч вучылішча на руках насіў. Я не толькі добра вучыўся, але быў і добрым арганізатарам, у самадзейнасці пастаянна ўдзельнічаў, у ансамблі баяністаў. Быў старастам у інтэрнаце і ў групе.

Пасля заканчэння вучылішча Валерыя Алейніка забраў да сябе ў пасёлак Геранёны Герой Сацыялістычнай Працы Уладзімір Аляксандравіч Баум, які быў старшынёй калгаса ў Іўеўскім раёне. На размеркаванні дырэктар вучылішча задаў пытанне ў лоб: «Да Баума паедзеш?»

— А Баум тады Дом культуры ў пасёлку пабудаваў на 400 месцаў, пасада дырэктара пуставала, — працягвае Валерый Васільевіч. — Я пагадзіўся, а ўжо на наступную раніцу «Волга» пад вучылішчам стаяла. Уладзімір Аляксандравіч асабіста прыехаў. Прыехаў і кажа мне: «Ты не перажывай, я табе дам усё: і кватэру, і жонку…» І павёз у Геранёны.

Дарэчы, я там і насамрэч у хуткім часе ажаніўся, нам далі, як і было абяцана, двухпакаёвую кватэру. Наша самадзейнасць грымела на ўвесь раён! У Дом культуры тэлефанавалі старшыні калгасаў, прасілі, каб да іх абавязкова прыехалі з канцэртам. Дарэчы, я тады яшчэ завочна і вышэйшую адукацыю атрымаў — Інстытут культуры скончыў па спецыяльнасці «арганізатар — рэжысёр масавых святаў».

Прыз — у студыю!

— А ў 2005 годзе, можна сказаць, наогул стаў знакамітасцю, калі выйграў на «Полі цудаў». Пасля гэтага да мяне і прэса прыязджала, і тэлебачанне, былі фотасесіі, здымкі!..

— Як трапілі на перадачу?

— Я рэгулярна пісаў туды лісты, пасылаў крыжаванкі. І ў адзін цудоўны дзень прыходзіць выклік на перадачу. Гэта было ў лістападзе 2004 года. А я ў той момант якраз быў ва Украіне, у мамы. Блізкія з Мінска мне пра гэта трохі са спазненнем паведамілі, але я ўсё роўна ў Маскву паехаў. Там мне адразу ж патлумачылі што да чаго: «Мы чакалі ад вас званка і не дачакаліся, таму знайшлі вам замену. Але не хвалюйцеся. Адпраўляйцеся дадому, а выклік вам зноў прыйдзе».

І не падманулі. Праўда, на перадачу запрасілі толькі на наступны год — у маі 2005 года. Я прыйшоў на перадачу з баянам, прыпеўкі спяваў, танцаваў. Ад Іўеўскага райвыканкама перадаў Якубовічу падарункі: лідскае піва, беларускія сыры і каўбасы, герб вёскі Геранёны, выкананы з саломкі мясцовымі майстрыхамі. І перамог! Прывёз у вёску відэакамеру і музычны цэнтр.

Прафесія — вулічны музыкант

Пасля Дома культуры Валерый Васільевіч працаваў у некалькіх вясковых школах, дзе выкладаў спевы і рытміку, спрабаваў сябе грузчыкам на заводзе газавай апаратуры, падпрацоўваў кіраўніком музычнага гуртка пры клубе…

— У выніку аформіў пенсію, і ў 2013 годзе з'ехаў ва Украіну маму глядзець. І менавіта там, у Белай Царкве, пачаў асвойваць прафесію «вулічнага музыканта». Знайшоў там бацькоўскі гармонік, пайшоў на рынак, пайграў. Прыходжу, кажу: «Мама, я зразумеў, што на хлеб нам грошай сапраўды хопіць». Так два гады на рынках і іграў. Калі ў 2015 годзе мамы не стала, вярнуўся ў родныя Геранёны.

Цяпер пенсія ў мяне каля 700 рублёў. Мая жонка ўвесь час была хатняй гаспадыняй, у яе пенсія сацыяльная. Гэта мізэр — каля 120 рублёў. У мяне двое ўнукаў і ўнучка, ім жа таксама хочацца нешта падарыць. Вось і адправіўся ў Мінск…

Раней пенсіянер проста выходзіў на трасу Гродна — Мінск і аўтастопам дабіраўся з гармонікам да сталіцы. Часта спыняліся дальнабойнікі. Цяпер больш ездзіць цягніком.

У Мінску іграў на розных станцыях метро, першым часам сутыкаўся з некаторымі цяжкасцямі.

— Восем гадоў таму неспрактыкаваны быў, шмат чаго не ведаў, — распавядае гарманіст. — Напрыклад, у цэнтры горада міліцыя не дазваляе музыкам іграць, таму што, маўляў, «непрыгожа перад гасцямі сталіцы». Але не штрафавалі.

Аднойчы падышоў міліцыянт, пытаецца: «Падставы для ігры на музычным інструменце?» Я яму: «Якія падставы? Чаму я не магу проста сядзець і іграць?» — «Вы ж жабруеце». — «Выбачайце, — адказваю, — але гэта вы жабруеце. А я ўсё жыццё адгарбеў і цяпер пенсію атрымліваю. І калі ў мяне ёсць вольны час, то сяджу з гармонікам і адпачываю. Мне так цікавей жыць. А вы не захацелі працаваць, вось і пайшлі ў міліцыю. Чаму вы лічыце, што я жабрую?»

Міліцыянт на мяне тады таксама пакрыўдзіўся: «Навошта вы на мяне так гаворыце?» Дык гэта ж не я, заслужаны пенсіянер з вышэйшай адукацыяй, першы пачаў. Так што не трэба пенсіянераў крыўдзіць. Ідзіце, кажу, справай займайцеся — алкаголікаў і бяздомных лавіце.

Зрэшты, гэта адзінкавыя выпадкі. У асноўным тыя, для каго іграю, гавораць так: «Дзядуля, зычым, каб ты сто гадоў жыў і нас весяліў». Вось гэтыя словы я ўвесь час чую. Навошта ж адбіраць тое, што людзям падабаецца?

«Сумяшчаю прыемнае з карысным…»

— На колькі дзён вы звычайна прыязджаеце ў Мінск?

— Дома ў Геранёнах у мяне ёсць невялікая гаспадарка, але, калі я не моцна стомлены, то ў Мінск прыязджаю на два дні — у чацвер прыеду, у пятніцу — назад. Днём іграю, ноч праводжу на чыгуначным вакзале. Часам раніцай пачынаю іграць ужо а шостай раніцы, калі метро адкрываецца.

— Цэлы дзень можаце іграць?

— Цэлы дзень — гэта занадта шмат, я ж ужо не юнак. Гадзіны з тры пайграю, ужо стомленасць накатвае. Пайду паабедаю, адпачну крыху. Потым яшчэ тры гадзіны іграю.

— А які ў вас рэпертуар?

— Розны. І народныя песні, і моладзевыя, і песні з кінафільмаў. Можа быць, каля ста мелодый ведаю ці нават больш. Іграю ўсё, што да галавы прыйдзе. Я калі іграю, то рэпертуар выстройваецца сам — пад настрой. Адчуваю настрой людзей. А вось на замову не іграю. Толькі для душы. Так бы мовіць, сумяшчаю прыемнае з карысным.

Увечары еду на вакзал начаваць. На трэцім паверсе тэлевізар гляджу і драмлю. Часам міліцыянт падыходзіць, пытаецца квіток. Звычайна адказваю так: «Пакуль не вырашыў, якім цягніком паеду». Так ноч і праходзіць. Хоць міліцыянты мяне ўжо ведаюць, Я ж кожны тыдзень тут на працягу васьмі гадоў. І да таго ж алкаголю не ўжываю, пад лаўкай не валяюся.

— Гармонік прыносіць невялікі прыбытак?

— Звычайна людзі дробязь кідаюць, часам — рублі. Моцна народ купюрамі не раскідаецца. Тым больш тыя, хто ездзіць у метро. Не алігархі ж, простыя людзі. Пройдзе добры чалавек — пятачок або 20 капеек у бляшанку кіне.

Але аднойчы быў выпадак на станцыі метро «Фрунзенская», калі іграў каля нейкага банка. Сяджу ў цяньку пад дрэвам, расцягваю гармонік, падыходзіць салідны мужчына. Касцюм, гальштук, беласнежная кашуля — усё пры ім. Банкір, думаю. Кажа мне: «Дзед, што ты тут мучаешся? Вось табе 50 рублёў і ідзі адпачывай». — «Я не мучаюся, — адказваю, — а якраз і адпачываю».

Я думаў, што гэтыя 50 рублёў — найвышэйшая планка, але не. Неяк падышла кітаянка, калі «Цыганачку» іграў. Яна пад музыку — у скокі! Паскакала, паскакала і ў бляшаначку — 100 беларускіх рублёў. Я ледзь гармонік з рук не выпусціў!..

Увечары Валерый Васільевіч ідзе ў банк і здае ў касу сабраную за «змену» дробязь. Суму яму пасля пераводзяць на картку.

— За дзень атрымліваецца ад 30 да 100 рублёў зарабіць, — кажа гарманіст. — Столькі каштуе мой добры настрой, які я дару людзям сваёй музыкай.

— Доўга яшчэ збіраецеся прыязджаць у Мінск? — развітальнае пытанне да суразмоўцы.

— Не ведаю, як здароўе дазволіць, — усміхаецца ён у адказ. — Тут я сам сабе не пан. Але калі блізкія мяне пачынаюць адгаворваць ад маіх паездак у сталіцу, я ім адказваю так: «Дзеці, я ж памру, калі не буду варушыцца і іграць».

Чытайце таксама:

«Калі б музыканты нашыя вясковыя заспелі сталёвыя струны, то традыцыя не перарывалася б». Гусляр расказаў, як спалучае традыцыйны народны інструмент і сучасную музыку

«Адчайныя часы патрабуюць адчайных крокаў». Як беларуска з Бабруйска стала спявачкай у Іспаніі

Чаму некаторыя тыпы музыкі прымушаюць наш мозг спяваць, а іншыя не

Nashaniva.com