Як выглядае сітуацыя з пераходам беларуска-расійскай мяжы
Пацікавіліся, што адбываецца ў пунктах пропуску на беларуска-расійскай мяжы.
24.06.2023 / 12:50
Пытанняў больш, чым адказаў
У адмысловых чатах, дзе людзі абмяркоўваюць сітуацыю на мяжы Расіі і Беларусі, пытанняў аб сітуацыі ў пунктах пропуску больш, чым адказаў. Карыстальнікі пытаюцца, як абстаноўка, ці ёсць чэргі, ці стаў кантроль больш пільным і працяглым па часе.
Некаторыя падарожнікі кажуць, што асабліва нічога не змянілася, але звяртаюць увагу на тое, што дадатковыя праверкі могуць быць і на шляху да Масквы праз увядзенне рэжыму КТА.
Што тычыцца чэргаў, то яны ёсць, але не вельмі вялікія.
Пра тое, што заторы на мяжы ёсць, сведчаць і даныя сэрвісу «Яндекс Пробки».
Ад 20 да 40 хвілін на праезд
У Пагранкамітэце кажуць, што калі вялікія заторы і з'яўляюцца, то даволі хутка раз'язджаюцца. На праезд мяжы, па словах беларускіх памежнікаў, сыходзіць каля 20—30 хвілін.
Найгоршыя вынікі па часе ў тых, хто едзе з Беларусі ў Расію. Некаторыя кажуць, што на праезд мяжы сыходзіць 40 хвілін.
Скрыншот з чата «Граница РФ — РБ Чат»
Што тычыцца руху ў зваротным кірунку, то карыстальнікі чата пацвярджаюць словы беларускіх памежнікаў. Чалавек, які каля апоўдня ехаў праз мяжу па трасе М-1 з Расіі ў Беларусь, сцвярджае, што на праход абодвух пунктаў пропуску спатрэбілася 25 хвілін.