«Мы ведаем, што беларусы заўсёды абяруць Беларусь». Ціханоўская звярнулася да дыпламатаў, чыноўнікаў і сілавікоў у сувязі з падзеямі ў Расіі

У сувязі з падзеямі ў Расіі Святлана Ціханоўская выступіла са зваротам да беларускіх дыпламатаў, чыноўнікаў і сілавікоў, у якім засцерагла іх ад уцягвання ў расійскі ўнутраны канфлікт і заклікала памятаць пра інтарэсы Беларусі, адрозныя ад расійскіх.

24.06.2023 / 16:48

Святлана Ціханоўская

У Расіі адбываецца хаос, які ўсё больш становіцца падобны да Грамадзянскай вайны. ПВК пад кантролем Яўгена Прыгожына кінула выклік афіцыйнай уладзе Расіі з-за незадаволенасці тым, што Расія прайграе вайну супраць Украіны. У ФСБ ужо завялі крымінальную справу на Прыгожына, а ў навінах мы бачым, што «вагнераўцы» занялі Растоў і Варонеж.

Расійская дыктатура развязала вайну супраць Украіны, а цяпер прынесла яе ў свой уласны дом. Гэты досвед павінен запомніць кожны, хто хоча пачаць або падтрымаць агрэсіўную вайну: вайна паглынае ўсё вакол сябе.

Лукашэнка і Пуцін спрабуюць уцягнуць у вайну і нашую Беларусь. Яны прыкрываюцца Саюзнай дзяржавай. Яны кажуць: Расія — ваш саюзнік. Але гэты саюзнік нясе хаос, вайну, крызіс. Пуцін можа паспрабаваць уцягнуць беларускіх вайскоўцаў у свой унутраны канфлікт, каб ён стаў і нашым канфліктам таксама.

Я хачу заклікаць беларускіх дыпламатаў, чыноўнікаў і сілавікоў памятаць, што ў нас — беларусаў — свае нацыянальныя інтарэсы. Ні Пуцін, ні Прыгожын — не сябры Беларусі, і вы не павінны выбіраць іх бок.

Беларусы павінны бараніць сваю краіну. Як гэтая сітуацыя паўплывае на Беларусь — залежыць толькі ад нас з вамі.

Галоўная задача ўсіх беларусаў зараз — захаваць бяспеку і суверэнітэт у Беларусі. Выратаваць нашую краіну ад таго, у што ператварылася Расія. Мы павінны быць гатовыя да любога сцэнара.

Я таксама звяртаюся да беларускай арміі — мы не можам разлічваць на лёс, і спадзявацца, што Расія пакіне Беларусь у спакоі.

Зараз найлепшы шанец выгнаць расійскіх вайскоўцаў з нашай краіны. Калі гэты шанец будзе прапушчаны, Расія зробіць з намі так жа, як з Украінай.

Расія не змагла ўцягнуць беларусаў у ваенныя дзеянні ва Украіне.

Мы не павінны дазволіць, каб Беларусь была ўцягнутая ў ваенныя дзеянні ў Расіі, і самае галоўнае — мы не павінны дапусціць ваенных дзеянняў Расіі ў нас дома, у Беларусі. Беларусь павінна закрыць мяжу з Расіяй, і пачаць вывад расійскіх войскаў з беларускай тэрыторыі.

Сёння я стварыла аператыўны штаб. Яго кіраўніком я прызначыла Валерыя Сахашчыка. Мы запрашаем да ўдзелу прадстаўнікоў дэмакратычных структураў. Праводзім кансультацыі з Палком Каліноўскага і беларускімі добраахвотнікамі. Мы сочым за сітуацыяй. Мы будзем дабівацца міжнароднай падтрымкі нашых дзеянняў.

Нашая вера ў беларусаў моцная — мы ведаем, што беларусы заўсёды абяруць Беларусь.

Чытайце таксама:

Рада бяспекі Беларусі заклікала да падаўлення мяцяжу Прыгожына, каб прадоўжылася «цяжкая, вымушаная і апраўданая місія па абароне рускіх людзей на Данбасе»

Nashaniva.com