Гіркін-Стралкоў: Разлік Прыгожына — на паніку і ўзяцце ўлады, якая «валяецца на зямлі»

Ігар Гіркін-Стралкоў, былы «міністр абароны» самаабвешчанай «ДНР», актыўны крытык Крамля з «патрыятычных» пазіцый, выказаў меркаванне, на што, на ягоную думку, разлічвае Прыгожын у сваім «бліскуча-дзёрзкім набегу» і ці мае гэты набег шанцы на поспех.

24.06.2023 / 17:06

Паводле Гіркіна, «стратэгічная задумка каманды Прыгожына гранічна ясная, лагічная, вельмі рызыкоўная, але дзівіць адвагай і мае шанцы на поспех».

Поспех задумцы, на думку блогера, можа прынесці «непаваротлівасць і дэматывацыі ўсіх сілавых структур Расійскай Федэрацыі».

Нездарма Прыгожын, замацаваўшыся ў Растове, адразу ж рэзка кінуў у рэйд на Маскву некалькі тысяч чалавек з самых баяздольных сваіх падраздзяленняў. Гэтыя падраздзяленні абыходзяць усе буйныя цэнтры і не ўвязваюцца ў баі з мясцовымі гарнізонамі, а імкнуцца як мага хутчэй дабрацца да Масквы.

Разлік, як мяркуе Гіркін, робіцца на паніку і ўцёкі ўсіх вышэйшых чыноўнікаў і ўзяцце пры такіх умовах улады, якая «валяецца на зямлі». Далей жа ўжо, маўляў, усе кінуцца яму даваць прысягу на вернасць, «а там відаць будзе».

У гэтай стратэгіі Гіркін бачыць толькі два слабых месца.

Першае — гэта магчымасць сутыкнення з баяздольнымі і матываванымі да змагання адносна буйнымі часцямі яшчэ да падыходу да Масквы. А ў такім выпадку непазбежныя праблемы з забеспячэннем ўдарнай групоўкі, якая даўжэй двух-трох дзён весці баі ў адрыве ад забеспячэння не зможа.

«Служылых людзей» у Маскве відавочна больш, чым баяздольных вагнераўцаў, але пытанне, як мяркуе Гіркін, у тым, колькі з іх гатовыя змагацца. Гэта і высветліцца ў самы найбліжэйшы час. У гэтым, як сцвярджае Гіркін, і ёсць «уся «інтрыга» і ключ да зыходу гэтага бліскуча-дзёрзкага «набегу».

Nashaniva.com