Пасля працяглага маўчання прапагандыстка Сіманьян выказалася наконт мяцяжу вагнераўцаў
Маргарыта Сіманьян учора ўвечары ўпершыню адрэагавала на сітуацыю з ПВК «Вагнер». Звычайна актыўная ў сетках, яна нічога там не пісала з 19:21 23 чэрвеня.
26.06.2023 / 08:22
Маргарыта Сіманьян. Скрын відэа
Пакуль Прыгожын ішоў на Маскву, Сіманьян маўчала, што «нават спарадзіла чуткі, а ці не здарылася з ёй раптам чагосьці дрэннага», як іранізуе «База».
Увечары 25 чэрвеня з’явілася відэа з кіраўніцай RT у студыі Уладзіміра Салаўёва. Там Сіманьян крыху патлумачыла сваё маўчанне.
«Не бывае добра ў грамадзянскай вайне. І нармальны чалавек, ён не за белых і не за чырвоных — ён за грамадзянскую згоду і супраць грамадзянскай вайны. Таму што калі мы ўсе, нармальныя людзі, гаворым пра сітуацыю з Украінай і з NATO, што мы за мір пасля перамогі, — гэта калі мы змагаемся з ворагам. Таму што з ворагам можа быць мір пасля перамогі. А калі ты змагаешся з братам, ніякай перамогі быць не можа ні ў каго. Брат на брата — гэта вайна без магчымасці перамогі», — сказала яна.
Акрамя таго, яна выступіла з абаронаю рашэння адпусціць без пакарання кіраўніка ПВК Яўгена Прыгожына (прытым што Пуцін абяцаў, што ніхто з мяцежнікаў без пакарання не застанецца).
«Цяпер шмат абмяркоўваюць: вось завялі крымінальную справу, а потым адпусцілі [Прыгожына], з'ехаў у Беларусь — гэта ж насмешка з юрыдычных норм. Юрыдычныя нормы — гэта не запаведзі Хрыстовыя і не скрыжалі Майсеевы. Іх пішуць людзі, каб яны абаранялі правапарадак і стабільнасць у краіне. І калі ў нейкіх выключных крытычных выпадках атрымліваецца так, што яны перастаюць выконваць сваю функцыю, а выконваюць зваротную, то яны ідуць лесам», — сказала Сіманьян.
«Выбар быў паміж дрэнным і жахлівым. Страшней за грамадзянскае супрацьстаянне не можа быць нічога, уключаючы ўжо тым больш парушэнне нейкіх юрыдычных норм», — дадала прапагандыстка.
Чытайце таксама:
Маргарыце Сіманьян даслалі загадкавую бандэроль
Расійскі вядучы, які заклікаў тапіць і паліць украінскіх дзяцей, вярнуўся ў эфір