Не выкідайце лупіны бананаў — для іх ёсць добрае прымяненне
Падкормка з бананаў можа палепшыць рост вазонных кветак, гародніны і пладовых дрэў. Чытайце, колькі бананаў трэба, каб прыгатаваць угнаенне і навошта гэта рабіць.
02.07.2023 / 17:50
Фота: «Наша Ніва»
Банан, вядома, не такі папулярны, як яблык, але яго мы таксама купляем дастаткова часта. І бананавая лупіна не абавязкова павінна станавіцца непатрэбнымі кухоннымі адкідамі. Яе можна з поспехам выкарыстоўваць як натуральнае ўгнаенне для раслін.
Бананавая лупіна змяшчае каштоўныя для раслін элементы. Гэта крэмніевая кіслата, калій, фосфар, кальцый, сера і магній. Усе яны станоўча ўплываюць на стан раслін: паляпшаюць не толькі іх цвіценне, але і рост. Акрамя таго, бананавая лупіна можа палепшыць смак гародніны, напрыклад, памідораў.
Крэмніевая кіслата, што ёсць у бананах, павышае ўстойлівасць раслін да некаторых захворванняў, у прыватнасці да тлі. Такім чынам, бананавая падкормка, як і дрожджавая, ідэальная для садоў, дзе тля — часты госць.
Экаўгнаенне з бананаў падыходзіць для ўгнаення вазонных раслін, гародніны, пладовых дрэў і кустоў, а таксама дэкаратыўных аднагадовых раслін. Асабліва яго раяць выкарыстоўваць у пачатковай фазе росту расады і пры ўкараненні.
Угнаенне са здробненай лупіны
Каб зрабіць такую падкормку, бананавую лупіну трэба разрэзаць на больш дробныя часткі, а затым высушыць у духоўцы. Тэмпература павінна быць 130-140 градусаў.
Такая сыравіна можа выкарыстоўвацца для падсыпкі ў расліны або гатавання суспензіі з вадой. Ёй можна паліваць пакаёвыя расліны ці праціраць іх лісце.
Здробненую бананавую лупіну таксама можна змяшаць з зямлёй. Такая падкормка асабліва добра працуе ў часе пасадкі ці перасадкі раслін.
Лупіну ад з'едзенай садавіны можна збіраць і захоўваць у халадзільніку. Не турбуйцеся, што яна становіцца карычневай ці чорнай: гэта натуральная з'ява. Як збераце патрэбную колькасць лупіны, можна пачынаць гатаванне бананавай падкормкі. Не трэба рабіць гэта са скуркай ад аднаго банана.
Паліў экстрактам бананавай лупіны
Для гатавання экстракту бананавай лупіны спатрэбіцца слоік або бутэлька. Кладзём у яе скуркі і заліваем цёплай кіпячонай вадой. Такая сумесь павінна стаяць 2-3 дні пажадана ў сонечным, цёплым месцы.
Гатовым экстрактам можна паліваць хатнія ці садовыя расліны. Паліў бананавай падкормкай больш эфектыўны, чым выкарыстанне бананавага парашку.
Для пакаёвых раслін прапорцыі могуць быць наступнымі:
3 бананавыя лупіны на 2 літры вады.
Для садовых раслін наступныя прапорцыі:
7-8 скурак на 10 літраў вады.
Добра распыляць такі экстракт на расліны ў садзе. Памідоры і іншая гародніна будуць удзячныя больш за ўсё. З садовых кветак такая падкормка найперш прыдасца ружам, а з хатніх кветак — папараці, спаціфлоры і архідэям.
Бананавае ўгнаенне, змяшанае з глебай
Здробненую бананавую лупіну таксама кладуць проста ў глебу. Напрыклад, пры пасадцы ці перасадцы пакаёвых ці садовых раслін. Варта загадзя зрабіць дрэнаж, а затым пакласці на яго кавалачкі лупіны. Ці проста насыпаць лупіны на зямлю. Скурка бананаў руйнуецца даволі павольна, таму вызваленне каштоўных якасцяў будзе доўгім.
Кампост з бананавай лупіны
Гэты варыянт падыдзе, калі ў вас свой сад ці агарод.
Зрэзаныя скуркі заліць вадой у закрытай пасудзіне, а затым пакінуць на 2-3 тыдні. Важна, каб гэта было ў досыць зацішным месцы, бо лупіна можа выдзяляць непрыемны пах. Будучы кампост варта штодзень перамешваць і падтрасаць.
Такі вадкі бананавы гной падыходзіць для паліву раслін пасля развядзення яго вадой у прапорцыі 1:10. Ён эфектыўна адпуджвае тлю і іншых шкоднікаў.
Мульчаванне раслін бананавай лупінай
Калі ў вас вельмі шмат бананавай лупіны, вы можаце выкарыстоўваць яе для мульчавання. Каб гэта мела сэнс, пласт мульчы павінен быць не меншым за 2 см.
Проста нарэжце бананавую лупіну і высушыце яе.
Мульча дапаможа ў барацьбе з пустазеллем, абмяжуе выпарэнне вады з глебы і падсілкуе расліны. Яна асабліва рэкамендуецца для вельмі лёгкіх, водапранікальных або пясчаных глеб у садзе.
Экабананы лепш падыходзяць для таго, каб рабіць з іх угнаенне, бо звычайныя бананы часта апырскваюць падчас вырошчвання і продажу. Аднак калі ў вас няма экабананаў, то можна выкарыстоўваць і звычайныя, памыўшы іх у цёплай вадзе: гэта нейтралізуе многія шкодныя рэчывы.
Чытайце яшчэ:
Раім добры спосаб паліву раслін — ён падыдзе на час спёкі і ад’езду