НАУ перадало ў Гаагу доказы ваенных злачынстваў Лукашэнкі і ягоных прыхільнікаў
Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка паведаміў, што НАУ перадало ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе матэрыялы, якія даказваюць здзяйсненне Аляксандрам Лукашэнкам і асобамі з яго атачэння ваенных злачынстваў.
27.06.2023 / 18:28
Дзеці з Данбаса, якіх прывозяць на «аздараўленне» ў Беларусь. Фота: СБ
У якасці фігурантаў, акрамя самога Лукашэнкі, выступаюць таксама дзяржсакратар «Саюзнай дзяржавы» Дзмітрый Мезенцаў, кіраўнік «Беларуськалія», член Савета Рэспублікі Іван Галаваты, член паралімпійскай зборнай Беларусі Аляксей Талай і дырэктар данецкай грамадскай арганізацыі «Дэльфіны» Вольга Волкава.
Згодна з матэрыяламі, сабранымі НАУ, усе гэтыя людзі «здзейснілі ваенныя злачынствы», якія праявіліся ў «незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый у Беларусь і іх пераадукацыі».
На сёння, як сцвярджае НАУ, у Беларусь вывезлі больш за 2100 дзяцей. Вывозілі іх з акупаваных Расіяй гарадоў на ўкраінскім Данбасе.
У дакладзе зафіксаваныя падрабязныя маршруты і спосабы перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей: з акупаваных тэрыторый Украіны іх накіроўвалі на тэрыторыю Расіі (у Растоў-на-Доне), а далей — у Беларусь (у Мінск і да месцаў размяшчэння), дзе сялілі ў дзіцячых лагерах.
Найбольшую колькасць такіх дзяцей, згодна з дакладам, вывезлі ў лагер Дубрава, які належыць кампаніі «Беларуськалій». Суду перадалі доказы таго, што кіраўнік «Беларуськалія» Іван Галаваты асабіста аддаваў распараджэнні ў пісьмовым выглядзе, якія вызначаюць лёс гэтых дзяцей у Беларусі. Таксама суду перадалі сведчанні пра ключавую ролю Мезенцава, Талая і Волкавай у незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей у Беларусь.
Ва Украіне і на Захадзе прымусовы вываз украінскіх дзяцей у Расію і Беларусь трактуецца як ваеннае злачынства. Міжнародны крымінальны суд акурат за гэта выдаў ордары на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай па правах дзіцяці пры прэзідэнце РФ Марыі Львовай-Бяловай.
Беларускія дэмакратычныя сілы дабіваюцца таго, каб аналагічныя крокі былі зробленыя і ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі.
Чытайце таксама:
Акупацыйная адміністрацыя Запарожжа заявіла, што вывозіла ўкраінскіх дзяцей у Беларусь
У Кіеве пацвердзілі ўдзел рэжыму Лукашэнкі ў прымусовым перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей
Аляксей Талай прызнаўся, што вываз украінскіх дзяцей у Беларусь ухваліў асабіста Лукашэнка