«Супольнасць чыгуначнікаў» паведаміла, як і калі ў Беларусь даставяць расійскую ядзерную зброю
Паводле інфармацыі «Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі», дастаўка ядзернай зброі і звязанага з ёй абсталявання на станцыі БЧ пройдзе ў два этапы.
28.06.2023 / 09:24
Пастаўка ЗРК С-400 у Беларусь. Фота: Мінабароны Беларусі
Першы этап абмежаваны чэрвенем 2023 года. Падчас яго са станцый расійскай чыгункі на станцыю Прудок (Віцебскае аддзяленне БЧ) запланавана тры адпраўкі агульнай колькасцю 16 вагонаў.
Груз у іх, паводле «Супольнасці чыгуначнікаў», пазначаны як «іншыя боепрыпасы для ваенных мэт».
Другі этап дастаўкі ядзернай зброі на станцыю Прудок запланаваны ў лістападзе 2023 года: чакаеццца тры адпраўкі са станцый РЧ, вагонаў з «іншымі боепрыпасамі для ваенных мэт» таксама будзе 16.
Станцыя Прудок — гэта месца дастаўкі ядзернай зброі на тэрыторыю Беларусі, адкуль будзе праводзіцца яе далейшае пераразмеркаванне да месцаў захоўвання на тэрыторыях спецыяльных вайсковых часцей у залежнасці ад яе тыпу, як піша супольнасць.
Акрамя таго, у перыяд кастрычнік — лістапад 2023 года са станцый РЧ на станцыі БЧ запланавана ў Баранавічы і Лунінец дастаўка дапаможнага і ахоўнага абсталявання, неабходнага пры захоўванні ядзерных боепрыпасаў.
Вагоны, якія прыбудуць на станцыю Баранавічы-Цэнтральныя, потым будуць перадыслакаваныя на тэрыторыю 61-й знішчальнай авіябазы ВПС Рэспублікі Беларусь, у вайсковую часць 54804.
Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка заявілі, што ядзерная зброя часткова дастаўленая на тэрыторыю нашай краіны.
У той жа час ні маніторынгавая група «Беларускі Гаюн», ні разведкі іншых краін, прынамсі, нядаўна Украіны, не заўважылі руху ядзернай зброі па тэрыторыі Беларусі.
Раней у Беларусь ужо былі адпраўлены сродкі супрацьракетнай абароны С-400. Пра гэта паведаміла Мінабароны Беларусі. Эшалон з ЗРК прыбыў на тэрыторыю 25-га арсенала ракетна-артылерыйскага ўзбраення (в/ч 25819) пад Стоўбцамі, як паведамляў Motolko.help.
Чытайце таксама:
У МЗС Расіі расказалі, колькі ядзерная зброя будзе знаходзіцца ў Беларусі
Столтэнберг пра размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі: НАТА бачыць падрыхтоўку