Рэзервы на фронце яшчэ не задзейнічаныя і ёсць поспехі, якія пакуль не выдаюць — Рэзнікаў

Міністр абароны Украіны адхіляе сумневы ў поспеху летняга контрнаступу і намякае, што нядаўнія сціплыя дасягненні — толькі «прэв'ю» да значна большага наступу.

28.06.2023 / 12:41

Аляксей Рэзнікаў. Фота: Paul Hanna/Bloomberg via Getty Images 

Рэзнікаў заявіў у інтэрв'ю «Financial Times», што дэакупацыя групы сёл на працягу апошніх тыдняў была «не галоўнай падзеяй» у запланаваным Кіевам наступе.

«Калі гэта адбудзецца, вы ўсё гэта ўбачыце… Усе ўбачаць усё», — сказаў ён, адмахнуўшыся ад паведамленняў СМІ аб павольным прасоўванні супраць добра ўмацаваных расійскіх пазіцый.

Міністр пацвердзіў, што асноўныя вайсковыя рэзервы Украіны, уключаючы большасць брыгад, якія нядаўна прайшлі навучанне на Захадзе і абсталяваныя сучаснымі танкамі і бронемашынамі NATO, яшчэ не былі задзейнічаныя ў аперацыі.

Па словах Рэзнікава, украінская армія працягвае наносіць вялікія страты расійскім войскам, іх «дэградацыя» з'яўляецца інструментам, а вызваленне ўкраінскіх зямель — мэтай.

Міністр абароны заявіў, што ўкраінскія войскі дасягнулі «пэўных поспехаў», якія Генеральны штаб не выдае, каб не падвяргаць небяспецы войскі.

«Часам расейцы не дакладваюць свайму кіраўніцтву пра тое, што яны страцілі пэўны ўчастак або тэрыторыю. Яны баяцца дакладваць далей свайму кіраўніцтву».

Рэзнікаў папярэдзіў, што гэтая аперацыя будзе кантраставаць з леташнім разгромам расейскіх войскаў пад Кіевам, у Харкаўскай вобласьці і ў Херсоне.

«Нельга чакаць цуду ў кожнай аперацыі», — сказаў ён.

FT адзначае, што ўкраінскія войскі цяпер «прамацваюць» лініі расійскай абароны і атакуюць у шматлікіх кропках, каб прымусіць Расію здагадвацца, дзе будзе асноўны наступ.

27 чэрвеня міністр абароны Вялікабрытаніі Бэн Уолес паведаміў, што ў выніку контрнаступу Украіна адваявала ў Расіі блізу 300 квадратных кіламетраў. Гэта ўдвая больш, чым афіцыйна абвясціў Кіеў.

Раней прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прызнаў, што поспехі на фронце «павольней, чым хацелася б». Паводле яго, увосень таксама быў момант, калі контрнаступальныя дзеянні здаваліся павольнымі, але пасля было прасоўванне наперад.

Nashaniva.com