За «знявагу вайскоўца» 2 гады калоніі прызначылі жыхару Пружан, які адбываў «хімію»

У судзе Лідскага раёна 19 чэрвеня за «знявагу вайскоўца» да двух гадоў калоніі і 100 базавых величынь штрафу (3700 рублёў) асудзілі 29-гадовага Сяргея Кемежа, які адбываў тэрмін на «хіміі». Яго судзілі паводле артыкула 369 КК (знявага прадстаўніка ўлады). 

28.06.2023 / 13:40

Такі прысуд вынес Ігар Кашко па прапанове пракурора Мікіты Мысліўца, піша «Вясна».

Паводле версіі абвінавачання, у снежні 2021 года Сяргей Кемеж «пасля чытання інфармацыі, якая публікуецца ў дэструктыўных групах сацыяльнай сеткі «УКантакце», размясціў у дачыненні да камандзіра адной з вайсковых часцей абразлівы каментар».

Сцвярджаецца, што ён быў зарэгістраваны пад несапраўдным імем і выкарыстоўваў VPN, але яго ўсё роўна ідэнтыфікавалі.

Сяргея Кемежа ўжо судзілі ў верасні 2021 года за тое, што 25 студзеня 2021 года пад навіной аб прысудзе за абразу камандзіра АМАП ГУУС Мінгарвыканкама, ён напісаў абразлівы каментар пра гэтага міліцыянта. Справа разглядалася ў судзе Пружанскага раёна ў верасні 2021 года паводле арт. 369, ч.1 арт. 208 КК. Суддзя Вадзім Мазоль прызначыў яму два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову («хімія»), а таксама пакрыць 3000 рублёў маральнай шкоды. Таксама Сяргея абвінавацілі вымагальніцтва з жонкі былога аднагрупніка, за гэта таксама прысудзілі 2 гады «хіміі». Сумарна мужчыну асудзілі да 2 гадоў 6 месяцаў «хіміі».

У верасні 2022 года Сяргея ўключылі ў «спіс экстрэмістаў» з паметкай, што ён адбывае пакаранне. Сяргей Кемеж адбываў тэрмін на «хіміі».

22 чэрвеня Сяргею споўнілася 29 гадоў.

Падтрымайце вязня: Сяргей Вітальевіч Кемеж, турма № 1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1

Nashaniva.com