У Шклове пяцігадовая дзяўчынка атруцілася бабуліным клафелінам

Зараз міліцыя дасць прававую ацэнку дзеянням бабулі.

28.06.2023 / 14:33

Фота ілюстрацыйнае

У Шклоўскую цэнтральную раённую бальніцу дзяўчынка з атручэннем трапіла ў пачатку мая, паведамляе Tochka.by са спасылкай на Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз.

Дзіця разам з бацькамі гасцявала ў бабулі. Пакуль ніхто не бачыў, дзяўчынка знайшла бабуліны таблеткі і стала з імі гуляць.

Калі дарослыя заўважылі гэта, лекі былі ўжо ў малой у роце. Адну таблетку паспелі дастаць, але гэта не дапамагло. Праз паўгадзіны дзіцяці стала дрэнна, і бацька павёз дачку ў бальніцу.

Дзяўчынка трапіла ў рэанімацыю, ёй аказалі медыцынскую дапамогу. На наступную раніцу малую ўжо выпісалі. Цяпер з ёй усё добра. Але гісторыя з клафелінам на гэтым не скончылася.

Міліцыя накіравала на судовую экспертызу таблеткі, якімі атруцілася дзяўчынка. Аказалася, што яны ўтрымліваюць клафелін і адпускаюцца толькі па рэцэпце.

Па словах бабулі, ёй гэтыя лекі выпісаў доктар з-за высокага ціску. Але пазней супрацоўнікі РАУС высветлілі, што рэцэпт на таблеткі ёй ніхто не выдаваў.

Праверка наконт захоўвання клафеліну без рэцэпта працягваецца. Дзеянням бабулі дадуць прававую ацэнку.

Чытайце таксама:

У летніку пад Бабруйскам вароты ўпалі на 13-гадовага школьніка. Яго стан стабільна цяжкі

У Веткаўскім раёне абваліўся мост

У Нараўлянскім раёне за адну ноч знікла 13 каналізацыйных люкаў. Каб злавіць зламыснікаў, міліцыя правярнула цэлую аперацыю

Nashaniva.com