Суд пакараў штрафам хулігана, які разбіў шыбы ў магілёўскім касцёле. Але плаціць ён не будзе

Храм лічыцца адной з найбольш гістарычна важных каталіцкіх святыняў Беларусі.

28.06.2023 / 14:46

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Станіслава ў Магілёве. Архіўнае фота

Мужчына сёлета ў студзені разбіў шыбы ў магілёўскім катэдральным касцёле Унебаўзяцьця Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Станіслава. У красавіку суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў яго вінаватым паводле артыкула аб хуліганстве і прызначыў штраф. Але плаціць не давядзецца, мяркуючы па выраку, апублікаваным у банку судовых рашэнняў, піша Радыё Свабода.

Згодна з матэрыяламі справы, увечары 19 студзеня мужчына быў п'яны і знаходзіўся каля касцёла. Ён наўмысна і без прычыны кінуў не менш за пяць разоў камяні і плітку ў пяць вокнаў. Такое парушэнне грамадскага парадку, паводле пастановы суда, «выявілася ў відавочным для яго самога і для навакольных дэманстратыўным грэбаванні агульнапрынятай культурай паводзін людзей, у агрэсіўным супрацьпастаўленні сваёй асобы інтарэсам грамадства, навакольным і нормам маральнасці, якія вызначаюць добрапрыстойныя паводзіны».

Чалавек разбіў шэсць шыбаў і тры шклопакеты, пашкодзіў пяць аконных рамаў, чым нанёс маёмасную шкоду на суму 496,49 рубля.

Вінаватым на судзе ён сябе прызнаў, шкоду кампенсаваў і раскаяўся. Праз тыдзень пасля хуліганства ён пацвердзіў свае паказанні на месцы — «прадэманстраваў, якім чынам ім былі пашкоджаныя аконныя рамы касцёла».

Паводле заключэння эксперта, падчас злачынства мужчына пакутаваў на два псіхічныя расстройствы. Але ён мог усведамляць фактычны характар і грамадскую небяспеку сваіх дзеянняў. На момант суду абвінавачаны пакутаваў толькі ад аднаго захворвання. Ён быў не здольны самастойна абараняць свае правы і законныя інтарэсы ў крымінальным працэсе, але быў прызнаны судом разумным. Ні на алкагалізм, ні наркаманію ён не хворы, па месцы жыхарства характарызуецца адмоўна, раней не судзімы.

Згодна з часткай 1 артыкула 339 (Хуліганства) КК Беларусі, суд пакараў яго штрафам у 3700 рублёў.

Але, улічваючы ягонае ўтрыманне пад вартай, было вырашана яго «цалкам вызваліць ад адбывання прызначанага пакарання ў выглядзе штрафу». Асуджанага адпусцілі ў зале суда.

Пашкоджанні касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і Сьвятога Станіслава атрымаў у ноч на 20 студзеня. Гэты храм, пабудаваны ў XVIII стагоддзі, помнік архітэктуры ў стылі барока, лічыцца адной з найбольш гістарычна важных каталіцкіх святыняў у Беларусі.

Nashaniva.com