Зяленскі: Нават унутраныя сілы РФ перасталі азірацца на кволага гаспадара Крамля
Прэзідэнт Украіны заклікаў даць Кіеву план дзеянняў членства ў NATO. Пра гэта ён заявіў, выступаючы ў Вярхоўнай Радзе, піша «Украінская праўда».
28.06.2023 / 14:59
Уладзімір Пуцін. Фота: Contributor / Getty Images
«Уступленне Украіны ў NATO будзе магутным сігналам свету, што гэта Альянс, які абараняе і абароніць, і гэта Альянс, які мае досвед пераможцаў і маральную перавагу пераможцаў, пераможцаў у цалкам справядлівай абароне… Каб гэта стала рэальнасцю, трэба, каб усе нашы партнёры па Альянсе перасталі азірацца на Крэмль падчас прыняцця сваіх важных рашэнняў…» — сказаў Зяленскі.
Ён мяркуе, што нават унутраныя сілы ў Расіі ўжо перасталі азірацца на кволага гаспадара Крамля.
«Вар'яцтва Пуціна прывяло да таго, што ён сам загнаў сябе ў глухі бункер праз сваю слабасць. І таму абсурдна азірацца на такога няздольнага кіраўніка такой няздольнай дзяржавы», — заявіў Зяленскі.
Са слоў Зяленскага, NATO будзе гарантаваць бяспеку для Украіны, а ўкраінскія сілы абароны і бяспекі будуць гарантаваць бяспеку і абарону для іншых чальцоў NATO.
Зяленскі падкрэсліў, што любы замарожаны канфлікт — гэта вайна. «Вайна, якая абавязкова разгарыцца, і пытанне толькі ў тым, калі? Колькі жыццяў яна забярэ? Таму свет павінен быць сумленным. Менавіта таму такі свет прадугледжвае ўкраінская формула міру. І менавіта таму ўкраінская формула міру мае ўніверсальную карысць: Украіна ніколі не пагодзіцца ні на адзін з варыянтаў замарожанага канфлікту», — сказаў Зяленскі.
З ягоных слоў, ад перамогі Украіны ў вайне з Расіяй выйграе цэлы шэраг краін, сярод якіх Грузія, Малдова, краіны Каўказа і Балтыі.