Беларуска зрабіла незвычайны арт-аб’ект — цёмны ручнік
Беларуская мастачка Цемра паказала сваю новую працу — цёмны ручнік, які сімвалізуе сілу і жыватворную энергію беларусаў, якія знаходзяцца за кратамі, піша CityDog.io.
28.06.2023 / 16:59
Вялікі цёмны ручнік памерамі 375x37 см, па словах мастачкі, нясе ў сабе глыбокае сімвалічнае значэнне.
На ручніку вышыты магутны славянскі сімвал адраджэння, форма гэтага сімвала складаецца з адгалінаваных чырвоных прожылкаў.
Як адзначае сама Цемра, гэтыя галіны сімвалізуюць «сілу і жыватворную энергію, уласцівыя годным асобам, якія могуць дамагчыся адраджэння нават у самых складаных турэмных абставінах». Таму гэты сімвал схаваны за чорнымі лініямі калючага дроту з шыпамі.
«Ручнік служыць напамінам пра тое, што мы перажываем сваю гісторыю, расказваем пра свой досвед і ўносім свой уклад у калектыўнае апавяданне пра нашу стойкасць, трыумф і надзею», — напісана ў інстаграме Цемры.
Цемра — беларуская мастачка з Гродна, якая цяпер жыве ў Варшаве. Нарадзілася ў 1990 годзе. Большая частка яе творчасці адлюстроўвае бесстаронні, цёмны бок чалавечай сутнасці і звязаная з актуальнымі падзеямі, што траўмуюць грамадства — адгэтуль і творчы псеўданім.
Чытайце таксама:
Для тых, хто ў Варшаве — ёсць магчымасць паваланцёрыць на крутым фэсце
«Купалаўцы» у рамках тэатральнага фэсту ў Варшаве выступяць з прэм’ерай