У Мінск прыехаў нунцый Гуджэроці

28 чэрвеня ў Мінск прыбыў прэфект дыкастэрыі па справах усходніх Касцёлаў, архібіскуп Клаўдыа Гуджэроці. Яго Папа дэлегаваў на ўрачыстасці ў Будслаў з нагоды 25-годдзя каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай, піша Catholic.by.

29.06.2023 / 10:18

Клаўдыа Гуджэроці на фота справа. Другі злева — сённяшні апольстальскі нунцый, харват Антэ Ёзіч. Фота: Catholic.by

Высокага госця сустрэў сённяшні апостальскі нунцый, архібіскуп Антэ Ёзіч. У Апостальскай нунцыятуры папскага легата прывітаў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, архібіскуп Юзаф Станеўскі.

67-гадовы ватыканскі іерарх добра вядомы беларускім вернікам, бо з 2011 па 2015 год быў апостальскім нунцыем у нашай краіне. У той час ён неаднаразова браў удзел у Будслаўскім фэсце. Таксама Клаўдыа Гуджэроці спрычыніўся да вяртання ў краіну Тадэвуша Кандрусевіча, якога ўлады ў 2020 годзе не пускалі назад.

Нунцый Гуджэроці неаднаразова маліўся на Дзяды ў Курапатах, а калі быў нунцыем у Вялікабрытаніі, перыядычна наведваў Беларускую бібліятэку імя Скарыны ў Лондане.

Nashaniva.com