«Прыехалі, а ён п'яны спіць за сталом». У беларускім футбольным клубе запіў варатар
Трэнерскі штаб магілёўскага «Дняпра», які выступае ў першай лізе, абураны такімі паводзінамі футбаліста.
29.06.2023 / 11:59
Уладзімір Жураў. Фота: сайт football.by
Памочнік галоўнага трэнера «Дняпра» Сяргей Кузьмініч у інтэрв'ю football.by абмаляваў сітуацыю.
32-гадовы Уладзімір Жураў гуляў за «Дняпро» чацвёрты сезон запар (з 2020-га), а раней рабіў гэта двойчы па два гады (2010—11 і 2014—15). Акрамя таго, ён выступаў за «Полацк» (Д2), а таксама за «Нафтан», «Нёман» і «Віцебск».
«Жураў, груба кажучы, запіў. І мне хочацца, каб ён панёс за гэта пакаранне. У нас меўся быць матч з «Макслайнам» на выездзе, а ён перастаў з'яўляцца на трэніроўках. Прапусціў праз гэта два дні трэніровак — пятніцу і суботу, уключаючы і перадгульнявыя заняткі — напярэдадні нашай нядзельнай сустрэчы. Натуральна, і на яе саму ён таксама не паехаў», — расказаў Кузьмініч.
У выніку на матч магілёўскі клуб паехаў з двума 20-гадовымі галкіперамі і атрымаў 2:5.
«Выйгралі б у «Макслайна» і адарваліся б ад яго на 8 ачкоў. А атрымалася, што каманда з Віцебска сама да нас падабралася на 2 ачкі. Ды яшчэ і «Віцебск» — на адно», — абураецца Кузьмініч.
«[Жураў] у нас асноўны брамнік — правёў да мінулага тыдня 9 з 11 матчаў цяперашняга чэмпіянату. І атрымалася, што мы адправіліся на матч нядзельнай раніцай, усе сабраліся каля аўтобуса, а чалавека па-ранейшаму няма. Яго з намі ўжо і не будзе: ён адлічаны з каманды», — кажа трэнер.
«Наш трэнерскі штаб прыехаў туды, дзе знаходзіўся Жураў, і ўбачыў усё гэта сам. Ён проста спаў п'яны за сталом. Што за ўстанова? Нейкая гарадская, летняга тыпу», — зазначыў Кузьмініч.
Ён кажа, што Жураў узімку хацеў паляпшэння ўмоў кантракта і ўжо галоўны трэнер клуба нібыта быў гатовы даплачваць з уласнай кішэні.
«А тут такая здрада — і самому футболу, і ўсім нам… я таму і хачу агучыць гэту гісторыю. Бо так не павінна быць. І каб усім астатнім мала не падалося, — падсумаваў трэнер.
— Бо алкаголік. Што зараз з ім будзе? Не ведаю. Будзе каля крамы стаяць. Ён для мяне прапашчы чалавек».
Па яго словах, каманда расстанне ўспрыняла цалкам адэкватна. Але начальнік каманды спытаў у Журава, ці не хоча ён папрасіць прабачэння: «А той хлопцаў, груба кажучы, на тры літары паслаў».
Кузьмініч кажа, што на ягоным трэнерскім шляху такі выпадак упершыню.