Ад 700 да 7000 даляраў у месяц. Што за катэджы і пачым здаюць у Мінску ў доўгатэрміновую арэнду
Паглядзелі, якія катэджы і па якіх цэнах здаюць у доўгатэрміновую арэнду ў Мінску і ваколіцах. Варыянты — ад дамоў з рамонтам з 90-х да шыкоўных сядзіб з тэнісным кортам.
01.07.2023 / 12:02
Калі адкінуць варыянты, дзе пад здачу прапануюць толькі палову дома або адзін з паверхаў, а таксама старыя дамы, то выйдзе, што цэны на арэнду катэджаў у сталіцы і радыусе 10 км ад МКАД пачынаюцца з 700 даляраў за месяц.
З басейнам і лазняй
Напрыклад, за такія грошы можна арандаваць дом у вёсцы Драздова, што за 1,5 км ад МКАД.
Фота: realt.by
Агульная плошча драўлянага дома — 150 «квадратаў». У доме ёсць 4 жылыя пакоі, басейн і лазня, на двары ёсць месца для барбекю. Дом цалкам гатовы да пражывання, ёсць паравое ацяпленне на газе.
Фота: realt.by
Але, гледзячы па інтэр'ерах, ён больш паходзіць на дом, у якім хочацца жыць толькі па выходных і падчас вакацый.
Міні-катэдж
Крыху даражэй — за 800 даляраў у месяц — здаецца невялікі сучасны дом у лесапаркавай зоне ў межах сталіцы. Дакладны адрас: вуліца Сасновая, 20а.
Фота: kufar.by
Агульная плошча дома — 140 м², стаіць ён на ўчастку памерам 4 соткі. Дом цалкам гатовы для пражывання. Ацяпленне ідзе ад электрычнасці.
Вэлкам у 90-я
Роўна за 1000 даляраў здаюць у арэнду велізарны катэдж у Валяр'янаве. Агульная плошча будынка — 360 м².
Фота: realt.by
Звонку па сваім размаху дом выглядае, як і многія катэджы, якія пачалі будаваць у 90-х. Але рамонт у доме далёка не шыкоўны. Нават па мерках тых самых дзевяностых і нулявых.
Фота: realt.by
Усяго ў доме 5 жылых пакояў, ёсць камінны пакой. Кухня з выхадам у сталовую. На ўвесь дом 3 санвузлы.
Дом з культурнымі і добразычлівымі суседзямі
Па стаўцы 1200 даляраў у месяц здаецца паўнавартасны двухпавярховы катэдж у мікрараёне «Зацань», што ўнутры МКАД.
Фота: kufar.by
Агульная плошча дома — 190 «квадратаў», памер участка — 10 сотак. Дом часткова мэбляваны. Усе камунікацыі, апроч ацяплення, цэнтральныя. Паравое ацяпленне працуе ад газавага катла.
Фота: kufar.by
Арэндадаўца адзначае, што побач жывуць культурныя і добразычлівыя суседзі, а сам дом мае выдатнае размяшчэнне паблізу ад Цэнтральнага раёна.
У крокавай дасяжнасці — Цнянскае вадасховішча
За 1300 даляраў здаюць яшчэ адзін велізарны катэдж, які знаходзіцца ў межах Мінска. Дакладная плошча будынка невядомая, але па фота бачна, што дом прасторны.
Фота: kufar.by
Здаецца дом без мэблі. Гаспадар у апісанні пазначыў, што ў крокавай дасяжнасці ад дома — Цнянскае вадасховішча.
Інтэр'еры ў доме не самыя сучасныя. На столі можна ўбачыць касітоны.
Басейн і лазня на цокальным паверсе
За 1650 даляраў на другім завулку Халтурына здаюць цалкам гатовы для пражывання катэдж з басейнам і лазняй на цокальным паверсе.
Таксама маецца гараж, у які, згодна з апісаннем, мусяць змясціцца два красоверы.
Агульная плошча катэджа 330 м². Памер участка — 6 сотак.
«Дом раней у арэнду не здаваўся, у ім жылі толькі ўласнікі. Шукаем арандатараў без хатніх жывёл», — пазначана ў апісанні.
Дом з уласнай трэнажорнай залай
За 2300 даляраў у месяц здаецца сучасны дом у раёне вуліцы Максіма Багдановіча. Агульная плошча трохузроўневага катэджа 2017 года пабудовы складае 330 «квадратаў».
Фота: kufar.by
Дом здаецца разам з усёй мэбляй і тэхнікай. У адрозненне ад папярэдняга варыянта, гаспадары гатовыя пусціць у свой дом арандатараў з дзецьмі і гадаванцамі.
Фота: kufar.by
Рамонт у доме сучасны. Адно з памяшканняў на цокальным паверсе абсталяванае пад невялікую трэнажорную залу.
Фота: kufar.by
Як пазначана ў апісанні, засяліцца ў гэты катэдж можна будзе не раней, чым з 1 жніўня.
Што тычыцца самых дарагіх прапаноў па арэндзе катэджаў, то ў Мінску і раёне ёсць два дамы па 7 тысяч даляраў за месяц.
Дом з тэнісным кортам
Адзін з такіх катэджаў знаходзіцца па вуліцы Падольскай.
Як пазначана ў апісанні да аб'екта, на тэрыторыі катэджа месціцца басейн і тэнісны корт. Агульная плошча — 500 «квадратаў».
Фота: kufar.by
Зыходзячы з апісання да аб'екта, можна прыйсці да высновы, што ў гэтым месцы агенцтва, якое размясціла аб'яву, мае адразу некалькі элітных катэджаў, якія здаюцца ў арэнду, бо гаворыцца пра іх у множным ліку.
Катэдж на 1000+ квадратаў
Другі катэдж, які здаюць па стаўцы 7000 даляраў, знаходзіцца ў Тарасаве.
Дом быў пабудаваны ў 2010 годзе. Яго агульная плошча складае больш за 1000 «квадратаў», а жылая — 614. Толькі кухня займае 43,4 м².
Фота: realt.by
Інтэр'еры выкананы ў класічным стылі. Дом цалкам мэбляваны, абсталяваны тэхнікай і гатовы для камфортнага жыцця і адпачынку.
На ўчастку, пра памер якога інфармацыі ў апісанні няма, выкананы ландшафтны дызайн.
Фота: realt.by
Апроч асноўнага дома на ўчастку можна ўбачыць і іншыя пабудовы. Маецца тут і ўласны басейн.
Фота: realt.by
У апісанні пазначана, што гэты шыкоўны катэдж здаецца на працяглы тэрмін. Дакладную інфармацыю можна атрымаць толькі па тэлефоне.
Чытайце таксама:
Спатрэбілася тры гады і $200 000. Як выглядае незвычайны дом-зямлянка беларускага архітэктара
Прадаюць кватэру за 750 тысяч даляраў у мінскай «сталінцы» на Бранявым
Вакол Мінска выставілі на продаж рэкордную колькасць дамоў