«Белавія» запускае рэйсы ў Індыю. Без перасадак

11 жніўня авіякампанія «Белавія» плануе выканаць першы рэгулярны рэйс па маршруце Мінск — Дэлі — Мінск.

29.06.2023 / 15:07

Фота: «Наша Ніва»

Рэйсы будуць выконвацца раз на тыдзень па пятніцах (з Дэлі — па суботах). З 20 верасня ў раскладзе з'явіцца другі рэйс у тыдзень з вылетам з Мінска па серадах (з Дэлі — па чацвяргах), паведамляе прэс-служба кампаніі.

Вылет з Мінска — у 20.25, прыбыццё ў Дэлі — у 05.35, час у палёце — 6 гадзін 40 хвілін.

Зваротны рэйс з Дэлі запланаваны ў 06.55, у Мінску пасажыры прызямліцца ў 11.40, час у палёце — 7 гадзін 15 хвілін. Час для ўсіх аэрапортаў пазначаны мясцовы, розніца з Менскам складае дзве з паловай гадзіны.

Кошт палёту ў адзін бок пачынаецца ад 319 еўра, у абодва бакі — 569 еўра.

«Мы ведаем, што пасажыры вельмі чакалі адкрыццё гэтага рэйса. І нашы спецыялісты доўга працавалі над тым, каб жаданне падарожнікаў споўнілася. Я з упэўненасцю магу сказаць, што гэта адзін з самых цікавых напрамкаў у маршрутнай сеткі авіякампаніі. Мы вырашылі праблему тых, хто даўно марыў пагрузіцца ў індыйскі каларыт і адчуць на сабе культуру іншай краіны, але не гатовы быў адпраўляцца ў доўгае падарожжа са стыкоўкамі. Цяпер, каб адправіцца ў Індыю, дастаткова набыць адзін білет, узяць добры настрой і сесці ў самалёт. А мы даставім вас да новых эмоцый», — адзначыў генеральны дырэктар авіякампаніі Ігар Чаргінец.

Грамадзянам Рэспублікі Беларусь для паездкі ў Індыю неабходная віза, якую можна аформіць анлайн: электронная віза выдаецца тэрмінам на 30 дзён, год ці 5 гадоў.

Міжнародны аэрапорт імя Індзіры Гандзі размешчаны за 16 кіламетраў ад цэнтра горада. Дабрацца ў Дэлі можна на таксі, на метро, аўтобусе ці арандаваным аўтамабілі.

Nashaniva.com