Еўрапейскі суд адмовіўся зняць санкцыі з кампаніі Карычаў
Еўрапейскі суд не стаў здымаць санкцыі з беларускай кампаніі «Дана Астра», якую кантралююць сербскія бізнэсоўцы Карычы, піша Reform.by.
29.06.2023 / 15:55
Квартал «Мінск-Свет», што вырас на месцы былога гарадскога аэрапорта. Фота: Realt.by
Кампанію ўключылі ў санкцыйны спіс ЕC у 2020 годзе. «Дана Холдынг» / «Дана Астра» — адзін з галоўных дэвелапераў і забудоўшчыкаў у Беларусі. Кампанія атрымала ўчасткі для будаўніцтва некалькіх буйных жылых комплексаў і бізнэс-цэнтраў.
Уладальнікі «Дана Холдынг» / «Дана Астра» маюць цесныя сувязі з Аляксандрам Лукашэнкам. Лілія Лукашэнка, яго нявестка, займае высокую пасаду ў кампаніі. Такім чынам, «Дана Холдынг» / «Дана Астра» атрымлівае выгаду і падтрымлівае рэжым Лукашэнкі», — казалася ў абгрунтаванні пры ўвядзенні санкцый.
Кампанія лічыла, што трапіла ў санкцыйны спіс беспадстаўна, і патрабавала ад Рады ЕС скасаваць пастанову.
Еўрапейскі суд пастанавіў, што санкцыі застаюцца ў сіле, а бок, што прайграў («Дана Астра»), павінен аплаціць выдаткі, панесеныя Радай ЕС падчас працэсу.
Раней суды аб зняцці санкцый прайгралі дэпутаты Алег Гайдукевіч, Святлана Любецкая, Аляксандр Амельянюк, намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Сяргей Гусачэнка, першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч, рэктар БДМУ Сяргей Рубніковіч, прарэктар БДЭУ Сяргей Скрыба.