У Офісе Зяленскага назвалі ўмову, пры якой ён паедзе на саміт NATO ў Вільню

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі асабіста прыедзе ў Вільню на саміт Паўночнаатлантычнага альянсу толькі пры ўмове, калі Украіна атрымае здавальняючы вынік. Пра гэта ў інтэрв'ю Reuters сказаў намеснік кіраўніка Офіса прэзідэнта, дыпламатычны дарадца Зяленскага Ігар Жоўква, паведамляе «Еўрапейская праўда».

30.06.2023 / 06:30

Адказваючы на пытанне, якія мінімальныя ўмовы прысутнасці Зяленскага на саміце NATO, Жоўква спаслаўся на ягоную прамову ў парламенце, дзе ўкраінскі лідар казаў пра важнасць мужнасці ў сучасным свеце.

«Прэзідэнт не паедзе… на саміт, калі лідары будуць схільныя дэманстраваць ці будуць дэманстраваць дэфіцыт мужнасці, тады як Украіна з усёй мужнасцю, воляй і сілай і высокім баявым духам змагаецца супраць расейскай агрэсіі», — сказаў ён.

Ён дадаў, што Прэзідэнту Украіны «няма сэнсу і не будзе часу ехаць» на саміт у Вільні, калі там «не будзе выніку».

На думку дарадцы Зяленскага, Украіна цяпер бліжэй да атрымання запрашэння, чым «паўгода таму».

Нагадаем, прэзідэнт Уладзімір Зяленскі разумее немагчымасць уступлення Украіны ў NATO падчас вайны, аднак не бачыць сэнсу ўдзельнічаць у саміце NATO ў Вільні, калі паводле вынікаў Украіна не атрымае канкрэтных сігналаў што да таго, калі яна можа далучыцца да Альянсу.

Nashaniva.com