Падстаў для закрыцця мяжы з Беларуссю пакуль няма — кіраўнік МЗС Літвы

У той час як Літва ўзмацняе ахову мяжы з Беларуссю і Калінінградскай вобласцю, міністр замежных спраў Габрыэлюс Ландсбергіс кажа, што падстаў для поўнага закрыцця мяжы на нацыянальным узроўні пакуль няма. Паводле яго слоў, такія дзеянні будуць разглядацца толькі ў выпадку ўзнікнення крызісу, які нясе прамую пагрозу нацыянальнай бяспецы, піша Delfi.

30.06.2023 / 09:42

Габрыэлюс Ландсбергіс. Фота AP

«Закрыццё мяжы, калі мы маем на ўвазе поўнае закрыццё мяжы, мае далёкія наступствы. Наша мяжа, якая звязвае нас наўпрост з Беларуссю, таксама звязвае Літву з усім светам на ўсход, скажам, такімі краінамі, як Казахстан, Узбекістан і многія іншыя — Сакартвела (Грузія), Арменія. Мы павінны ўлічваць і гэта», — падкрэсліў міністр замежных спраў.

Па словах Г. Ландсбергіса, поўнае закрыццё мяжы — гэта «чырвоная кнопка».

«У выпадку крызісу, бачачы, што па той бок мяжы адбываюцца правакацыі і небяспечныя дзеянні, якія яшчэ не патрабуюць увядзення чацвёртага ці пятага артыкула статута NATO, мы, магчыма, і маглі б разгледзець такія нацыянальныя дзеянні, але пакуль для гэтага няма ніякіх падстаў», — запэўніў кіраўнік літоўскай дыпламатыі.

Са слоў міністра замежных спраў, у байца «Вагнера» няма магчымасці трапіць на тэрыторыю Літвы, калі толькі перасекчы яе нелегальна, напрыклад, з ягоных слоў, паводле падробленых дакументаў.

«У нас ужо ёсць пастанова, прынятая, напэўна, год таму, згодна з якой грамадзянам Расіі, якія прыбываюць з турыстычнымі або негуманітарнымі мэтамі, уезд у Літву забаронены», — нагадаў Г.Ландсбергіс.

Учора міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце заявіла пра ўзмоцненыя праверкі на літоўска-беларускай і літоўска-расійскай мяжы і не выключыла закрыцця межаў.

Nashaniva.com