«Расатам» пакідае Запарожскую АЭС: Персаналу далі інструкцыі ва ўсім вінаваціць Украіну — ГУР Украіны

Трое супрацоўнікаў «Расатама», якія кіравалі дзеяннямі расійскіх захопнікаў, былі аднымі з першых, хто пагадзіўся пакінуць станцыю.

30.06.2023 / 09:57

Запарожская АЭС. Фота з Вікіпедыі

Да 5 ліпеня работнікі «Расатама» і іх памагатыя сярод украінцаў, якія падпісалі кантракты, павінны пакінуць Запарожскую атамную электрастанцыю. Пра гэта паведамляе Галоўнае ўпраўленне разведкі Міністэрства абароны Украіны, піша УНІАН.

Адзначаецца, што акупацыйны кантынгент паступова пакідае тэрыторыю Запарожскай атамнай электрастанцыі, і аднымі з першых са станцыі з'ехалі трое супрацоўнікаў «Расатама», якія кіравалі дзеяннямі расейцаў.

«Таксама рэкамендацыі эвакуявацца атрымалі ўкраінскія супрацоўнікі, якія падпісалі кантракт з «Расатамам». Паводле атрыманых указанняў, яны павінны ад'ехаць да 5 ліпеня. Жаданы кірунак — тэрыторыя акупаванага Крыма», — паведамляе разведка.

У ГУР адзначаюць, што на тэрыторыі самой ЗАЭС і ў горадзе-спадарожніку станцыі Энергадары паступова памяншаецца колькасць ваенных патрулёў.

«Персаналу, які застаецца на станцыі, дадзена ўказанне «ў выпадку любых аварыйных сітуацый вінаваціць Украіну»,-сказана ў паведамленні.

Пасля тэракту на Кахоўскай ГЭС сітуацыя на ЗАЭС стала яшчэ больш напружанай таму, што рэзервуар астуджэння пакуль не мае штатнага падсілкоўвання вадой.

Раней начальнік ГУР Кірыла Буданаў паведаміў, што вораг каля 4 з 6 энергаблокаў размясціў машыны з выбухоўкай. Ён не выключыў, што расійскае кіраўніцтва можа даць загад аб падрыве ЗАЭС.

Nashaniva.com