У Вільні ўпершыню ў Еўропе на вуліцы выехалі беспілотныя аўтамабілі

На гэтым тыдні ў Вільні прэзентавалі тры першыя беспілотныя аўтамабілі, якія пачынаюць працу на вуліцах літоўскай сталіцы. Такое новаўвядзенне ўпершыню з'явілася не толькі ў Літве, але і ва ўсёй Еўропе. Вільня — першы горад на кантыненце, дзе будуць задзейнічаныя аўтаномныя аўтамабілі, піша Delfi.

30.06.2023 / 12:30

Фота: «Наша Ніва»

Гэтыя аўтамабілі нельга назваць чымсьці цалкам новым. Восенню мінулага года адзін такі аўтамабіль ужо курсіраваў у адным з віленскіх мікрараёнаў. Тады яго тэставалі, правяралі, ці можа ён бяспечна ўдзельнічаць у руху. Было вырашана, што такія аўтамабілі могуць бяспечна курсіраваць і ў цэнтры горада.

Віцэ-міністр транспарту Агне Вайцюкявічуце падкрэсліла, што ўпершыню ў Еўропе гэтыя беспілотныя аўтамабілі будуць удзельнічаць у руху нароўні з іншымі аўтамабілямі. Гэта падыме Вільню на зусім іншы ўзровень.

Са слоў віцэ-міністра, з 2018 года ў Літве дзейнічаюць законы, якія дазваляюць такой тэхніцы ўдзельнічаць у руху.

Прадстаўнік кампаніі Clevon, якая стварыла гэтыя аўтамабілі, Март Мацісен сказаў, што гэтыя аўтамабілі створаны так, каб ездзіць па вуліцах на хуткасці не вышэй за 50 км/г, але для бяспекі іх хуткасць у Вільні будзе зменшаная да 25 км/г.

Пакуль у горадзе будуць курсіраваць тры такія аўтамабілі. Праўда, гендырэктар сеткі гіпермаркетаў IKI Ніёле Кветкаўскайце сказала, што іх сетка мае намер развіваць і іншыя інавацыйныя праекты, таму гэтыя аўтамабілі — не ўсё, што маюць намер прадэманстраваць жыхарам Вільні і Літвы.

На пытанне, што рабіць, калі не атрымаецца пазбегнуць сутыкнення з такім аўто, прадстаўнікі праекта сказалі, што працэдура не мяняецца: высвятляюць, хто вінаваты, калі віна будзе беспілотнага аўтамабіля, то за ДТЗ адкажа кампанія Clevon.

Nashaniva.com