Відэааператару Паўлу Падабеду далі чатыры гады калоніі
Усяго два працоўныя дні хапіла Мінскаму гарадскому суду, каб агучыць рашэнне ў справе відэааператара-фрылансера Паўла Падабеда.
30.06.2023 / 15:24
Павел Падабед. Фота: БАЖ
Першапачаткова пасяджэнне 30 чэрвеня было запланавана на 15.00, пра што напярэдадні і сведчыла інфармацыя ў раскладзе на сайце Вярхоўнага суда. Аднак раптам час пасунулі на 10-ю раніцы — яўная прыкмета, што здаць справу ў архіў вырашылі да доўгіх выходных.
Так і атрымалася: у першай палове прадстаўнік дзяржабвінавачання на падставе ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса прапанаваў пакараць журналіста 4 гадамі папраўчай калоніі, а па абедзе суддзя Яўген Пісарэвіч прыняў прапанову без пярэчанняў. Сваякі і сам фігурант лічаць вырак празмерна строгім і не адпаведным інкрымінаваным «злачынствам».
Яшчэ раней Павел Падабед у лістах на волю пісаў, што ў выпадку неспрыяльнага для сябе рашэння будзе падаваць апеляцыйную скаргу ў Вярхоўны суд Беларусі, як піша Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Падчас першага пасяджэння стала вядома, што Паўлу Падабеду інкрымінуецца супраца з тэлеканалам «Белсат» і, як вынік, «удзел у экстрэмісцкім фармаванні». У якасці персанальнай датычнасці дэманстраваліся відэасюжэты «пратэснага кантэнту», у тым ліку прысвечаныя знікламу відэааператару Дзмітрыю Завадскаму і забітаму журналісту Паўлу Шарамету. Хоць прозвішча фігуранта ў цітрах не значылася, паводле «ўскосных прыкмет» было агучана падазрэнне ў яго непасрэднай датычнасці да здымкаў.
Акрамя таго, у ходзе працэсу стала зразумела, што тэлефон Паўла Падабеда праслухоўваўся, гэтаксама сілавікі мелі доступ да ягонага ліставання ў месенджарах.
Таксама журналіста абвінавацілі ў «карыслівых матывах» ад журналісцкай дзейнасці і атрыманні фінансавай выгады — падставай стала наяўнасць карткі замежнага банка. Не выключана, што на гэтай падставе падчас вынясення прысуду яму дадаткова выпішуць штраф за патэнцыйна нясплочаныя падаткі ў Беларусі.