Частцы беларусаў ва Украіне не выдаюць грашовыя выплаты ад ААН. У чым прычына?

З праблемай атрымання грашовых пераводаў ад ААН сутыкнуліся некаторыя беларусы, што беглі з краіны праз палітычны пераслед і цяпер жывуць ва Украіне.

30.06.2023 / 18:09

Скаргу ва Укрпошту ад валанцёркі Ірыны Лукашэнкі наконт немагчымасці атрымання грашовых выплат ад ААН. Фота: архіў Ірыны Лукашэнкі

Раней, адразу пасля пачатку поўнамаштабнай вайны 24 лютага 2022 года, беларусам ва Украіне заблакавалі банкаўскія рахункі. У пастанове Нацбанка Украіны №18 было сказана: «Спыніць ажыццяўленне абслугоўваючымі банкамі расходных аперацый па рахунках рэзідэнтаў Расійскай Федэрацыі / Рэспублікі Беларусь». Выключэнне — беларусы-вайскоўцы (тыя ж каліноўцы), пазней і некаторыя беларускія журналісты: БАЖ дамаглася разблакіроўкі рахункаў журналістам ва Украіне, накіроўваючы звароты ва ўладныя структуры. Але і гэта пратрывала нядоўга. Сёлета ў сакавіку рахункі заблакавалі паўторна. 

Арына Коршунава, журналістка «Радыё Свабода», пацвярджвае, што каля года змагла пакарыстацца сваёй картай, адкрытай ва ўкраінскім банку. Але вясной рахунак зноў заблакавалі, з усімі сродкамі, што былі на ім:

«Працую журналісткай, маю пацверджанні ад Службы бяспекі Украіны пра сваю пазіцыю наконт вайны, размаўляю па-ўкраінску лепей і часцей за палову Кіева, але, на думку ўладаў, не заслугоўваю мець грошы на карце ў аніводным з банкаў Украіны», — дзеліцца дзяўчына.

Для вырашэння праблемы з легалізацыяй ва Украіне, многія беларусы падавалі дакументы на бежанства. Разгляд іх тут можа доўжыцца гадамі, у гэты час адзіным дакументам, які выдаецца міграцыйнай службай у абмен на пашпарт, з'яўляецца даведка пра звяртанне па абарону ва Украіне. 

Такая даведка выдаецца тым, хто падаўся на бежанства, але не атрымаў яго яшчэ. Фота: Алесь Мінаў

Сама працэдура адбываецца пад эгідай Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў, адпаведна ад ААН суіскальнікам абароны раз на тры месяцы выплачваецца грашовая дапамога: грошы прыходзяць тэрміновым пераводам на імя чалавека праз Укрпошту, таму для атрымання не трэба мець банкаўскага рахунку, а дастаткова прыйсці ў любое аддзяленне з дакументам ад міграцыйнай службы.

Сёння ж і гэтыя выплаты для беларусаў сталі недасяжнымі: даведка пра звяртанне па абарону супрацоўнікаў пошты ўжо не задавальняе, патрабуюць альбо пашпарт грамадзяніна Украіны, альбо пасведчанне на пастаяннае пражыванне (даведка такі статус не мае). 

Валанцёрка Іра Лукашэнка ў статусе падачы на бежанства ўжо амаль паўтара года. Апошнія два пераводы ад ААН атрымлівала ў галоўным аддзяленні на Хрышчаціку: 

«Сёння я прыйшла да той жа аператаркі, якая абслугоўвала мяне раней. І яна сказала, што правілы змяніліся — цяпер па маім дакуменце яна мой перавод мне не аддасць, — распавядае дзяўчына (у яе даведка пра звяртанне па абарону). — Паказала мне спіс дакументаў, па якіх атрымаць перавод можна. Там ёсць дакументы бежанцаў, але мой, атрымліваецца, не з тых…»

Пасля гэтага Ірына звярнулася ў іншае аддзяленне пошты, там дзяўчыне ўжо раздрукавалі карпаратыўны ліст, у якім зазначана, што перавод беларусам могуць выдаць, калі ёсць «рэгістрацыя месцазнаходжання ва Украіне».

«У маім пасведчанні ёсць адрас майго пражывання тут. Але і гэтага аказалася недастаткова. Я напісала скаргу генеральнаму дырэктару Укрпошты. Я застаюся ва Украіне, таму што люблю яе і хачу, каб яна перамагла. І паказваю гэта не толькі словамі, але і справамі. Гэта ведаюць і бачаць усе, у тым ліку органы дзяржаўнай улады Украіны. Але праблемы з рахункамі, грашовымі пераводамі і іншым ад гэтага не знікаюць».

Грошы ад ААН Ірына планавала патраціць на тое, каб зладзіць чарговую акцыю ў Кіеве да Дня беларускай культуры: бясплатна пачаставаць украінцаў халадніком. 

«Такую акцыю ў парку Шаўчэнкі мы ўсё роўна зробім, але зробім не дзякуючы, а насуперак!»

У аналагічнай сітуацыі аказаліся і іншыя беларусы Украіны. Анархіст Ілья Сянько з Баранавічаў уцёк ад палітычнага пераследу на радзіме ў Кіеў у 2021 годзе. Хлопец сутыкнуўся з праблемай легалізацыі пасля пачатку ўварвання: аддзяленні міграцыйнай службы не прымалі дакументы. 

«Я звярнуўся па дапамогу ў ААН, намагаюся падацца на бежанства. Мала таго, што міграцыйка сістэматычна парушае законы Украіны, так яшчэ цяпер я не магу атрымаць грашовую дапамогу ад ААН. Лічу гэта дыскрымінацыяй і парушэннем правоў чалавека!» — абураецца актывіст. 

На гарачай лініі Укрпошты нам зазначылі, што дзеянні супрацоўнікаў, якія не выдаюць пераводы, правамерныя:

«Тое, што такія пераводы выдаваліся раней, было памылкай нашых супрацоўнікаў, бо ёсць пастанова Нацбанка Украіны №18, мы абапіраемся на яе. Таму калі ў вас будзе іншы дакумент — пашпарт грамадзяніна Украіны ці пасведчанне на пастаяннае пражыванне ва Украіне, — прыходзьце, вам выдадуць перавод».

Алесь Мінаў