Наведнік фэсту ў Будславе: Не свята, а адны мянты
У гэтыя дні, 30 чэрвеня і 1 ліпеня, у Будславе (Мінская вобласць) праходзіць традыцыйны фэст у гонар Маці Божай Будслаўскай.
01.07.2023 / 12:28
Арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці на сёлетняй урачыстасці ў Будславе. Фота: catholic.by
Сёлета 25 гадоў з часу каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай, апякункі Беларусі. На свята з гэтай нагоды прыбыў былы папскі нунцый у Беларусі, арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці.
Наведнікі заўважаюць, што кідаецца ў вочы вялікая колькасць міліцыянтаў.
«Міліцыянтаў у штацкім пар 15 заўважыў. За бібліятэкай — МАЗ сувязі ад Міністэрства абароны, з разгорнутымі антэнамі. Там і бусік чорны стаяў, а ў ім АМАП, чалавек дзесяць. І вельмі шмат супрацоўнікаў ППС, чалавек сто. Не свята, а адны мянты», — падзяліўся назіраннямі адзін з тых, хто прыехаў на фэст.
Фэст у Будславе шмат год збірае вернікаў з усёй Беларусі і не толькі. Некаторыя ідуць на свята пешкі. Так, пешая пілігрымка з Мінска сёлета выйшла 26 чэрвеня — за пяць дзён яны прайшлі 125 кіламетраў.
У маі 2021 года ў касцёле здарыўся вялікі пажар. Святыня была моцна пашкоджаная, грошы на яе аднаўленне збіралі ўсёй краінай.
Чытайце таксама:
Арцыбіскуп Гуджэроці — да вернікаў у Будславе: Я ўжо немалады, я прывітаю вас у Раі па-беларуску