Орбан: Прыйдзе час, калі слабыя народы загінуць, а моцныя выжывуць
Прэм'ер-міністр Венгрыі выступіў з чарговай рэзананснай заявай.
01.07.2023 / 15:15
Віктар Орбан вітаецца з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам. Фота: Thierry Monasse / Getty Images
«Эпіцэнтр землятрусу знаходзіцца зусім побач. Вялікая вайна нашага часу адбываецца па суседстве з Венгрыяй, у той час як дзясяткі і сотні тысяч мігрантаў з поўдня штурмуюць нашы межы, і нам патрэбная моцная краіна, урад, эканоміка, армія і, што не менш важна, моцныя праваахоўныя органы. Нам трэба трэніравацца і ўзбройвацца, прыйдуць часы, калі слабыя загінуць, а моцныя застануцца. Таму нам неабходна кожны дзень умацоўваць нашу ўласную абарону і праваахоўныя органы. Сёння Венгрыя ці не самая бяспечная краіна ў Еўропе. Мы ўсе можам ганарыцца гэтым, мы ганарымся гэтым», — сказаў прэм'ер Венгрыі на цырымоніі адкрыцця факультэта права Нацыянальнага ўніверсітэта дзяржаўнай службы, дзе будуць рыхтаваць сілавікоў.
У сераду Орбан заявіў у інтэрв'ю Bild, што Украіна перастала быць суверэннай дзяржавай.
Палітык казаў, што выступае за хутчэйшае спыненне агню ва Украіне.
«Але сапраўды важна тое, што хочуць рабіць амерыканцы. Украіна больш не суверэнная дзяржава. У іх няма грошай. У іх няма зброі. Яны могуць ваяваць толькі таму, што мы іх падтрымліваем на Захадзе. Таму калі амерыканцы вырашаць, што хочуць міру, мір будзе», — сказаў венгерскі прэм'ер.
Орбан сказаў, што вера ў здольнасці Украіны выйграць вайну — гэта поўнае неразуменне сітуацыі.
«Я думаю, што разуменне, што ўкраінцы змагаюцца на перадавой, а мы падтрымліваем іх фінансава, інфармацыяй, інструментамі і што яны могуць выйграць вайну супраць Расіі, — гэта няправільнае ўсведамленне сітуацыі. Гэта немагчыма… Я кажу пра канец вайны, і праблема ў тым, што ва ўкраінцаў скончацца салдаты раней, чым у расейцаў, і гэта будзе вырашальным фактарам», — сказаў Орбан.
Міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба пракаментаваў ранейшыя сцвярджэнні наступным чынам: «Усё гэта проста бла-бла-бла».