У бальніцы памерла ўкраінская пісьменніца, якую параніла падчас ракетнага ўдару па Краматорску

1 ліпеня ў бальніцы ў Дняпры памерла ўкраінская пісьменніца Вікторыя Амеліна. Яна была моцна параненая падчас ракетнага ўдару расійскіх акупантаў па рэстаране ў Краматорску 27 чэрвеня 2023 года. 

03.07.2023 / 01:30

Фота: pen.org.ua

Пра гэта паведамляе Украінскі ПЭН.

27 чэрвеня Вікторыя Амеліна, пісьменніца і дакументатар ваенных злачынстваў у арганізацыі Truth Hounds, знаходзілася ў Краматорску разам з дэлегацыяй калумбійскіх журналістаў і пісьменнікаў. Калі яны вячэралі ў рэстаране Ria Lounge ў цэнтры горада, расіяне нанеслі ракетны ўдар па гэтым будынку, у выніку чаго Вікторыя атрымала цяжкія раненні. Лекары і парамедыкі ў Краматорску і Дняпры рабілі ўсё магчымае, каб выратаваць яе жыццё, але, на жаль, раненне было смяротным. 

Усяго ў выніку ўдару па Краматорску загінула 13 чалавек, яшчэ каля 60 былі параненыя.

Вікторыя разам з камандай працавала як дакументатар ваенных злачынстваў на дэакупаваных тэрыторыях на ўсходзе, поўдні і поўначы Украіны, у прыватнасці, у Капітолаўцы на Ізюмшчыне, дзе знайшла дзённік забітага расіянамі пісьменніка Уладзіміра Вакуленкі.

У гэты ж час Вікторыя пачала працу над сваёй першай нон-фікшн кнігай на англійскай мове War and Justice Diary: Looking at Women Looking at War, якая неўзабаве павінна выйсці ў друку за мяжой. У гэтай кнізе Вікторыя распавядае пра ўкраінскіх жанчын, якія дакументуюць ваенныя злачынствы, і іх жыццё падчас вайны. Таксама пісьменніца займалася актыўнай адвакацыйнай працай: звярталася да ўрадаў іншых краін аб перадачы зброі Украіне, а таксама патрабавала справядлівасці і стварэння спецыяльнага міжнароднага трыбунала для ўсіх вінаватых у расійскіх ваенных злачынствах супраць Украіны.

Вікторыя Амеліна нарадзілася 1 студзеня 1986 года ў Львове. У школьныя гады пераехала з бацькам у Канаду, аднак неўзабаве вырашыла вярнуцца ва Украіну. У 2007 годзе атрымала ступень магістра камп'ютарных тэхналогій ва ўстанове «Львоўская палітэхніка» з адзнакай. У 2005—2015 гадах працавала ў міжнародных тэхналагічных кампаніях.

У 2014 годзе выйшаў дэбютны раман Вікторыі «Синдром листопаду, або Homo Compatiens». 

У тым жа 2015 годзе Вікторыя Амеліна прыпыніла кар'еру ў сферы інфармацыйных тэхналогій, каб прысвяціць сябе пісьменніцкай працы. У 2016 годзе выйшла яе першая дзіцячая кніга «Хтось, або Водяне Серце». Наступная яе кніга для дзяцей «Е-е-есторії екскаватора Еки» пабачыла свет у 2021 годзе. У 2017 годзе выйшаў у свет другі раман Вікторыі «Дім для Дома». Кніга ўвайшла ў кароткія спісы нацыянальных і міжнародных прэмій.

Nashaniva.com