Паплечнік Кадырава апублікаваў відэа з Кадыравым. Раней заяўлялася, што Адам Дэлімханаў быў забіты ці паранены ва Украіне

Дэпутат Дзярждумы Адам Дэлімханаў апублікаваў у сваім тэлеграм-канале відэа, на якім паказаў дату і час на экране тэлефона: 2 ліпеня, 20:47. Разам з ім у кадры кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў.

03.07.2023 / 09:36

Скрыншот відэа.

«Сабака брэша, караван ідзе. Мы жывем, паціху жывем, хлеб жуем. Цікавае жыццё. Жыццё наогул цікавае бывае, калі бывае кароткае. Доўга жыць мы ўсё роўна не хочам», — заяўляе на кадрах Кадыраў, пра шпіталізацыю якога хадзілі чуткі.

14 чэрвеня ўкраінскія СМІ паведамлялі, што Дэлімханаў загінуў у Запарожскай вобласці. Пазней з'явілася інфармацыя аб тым, што ён «паранены, але жывы». Кадыраў спачатку абяцаў грошы ўкраінскім спецслужбам за інфармацыю пра свайго паплечніка, а пасля сцвярджаў, што з ім «усё ў парадку». Аднак увесь гэты час не было дакладных пацвярджэнняў.

Nashaniva.com