Ігуменню Гаўрыілу ўключылі ў кнігу славы Гродзенскай вобласці, тая ў адказ захваліла Лукашэнку

Звесткі пра пецярых жыхароў рэгіёнаў уключылі ў кнігу славы Гродзенскай вобласці. Сярод іх — сумнавядомая ігумення гродзенскага жаночага манастыра Гаўрыіла. З нагоды «прызнання» яна падзялілася думкамі пра Дзень незалежнасці.

03.07.2023 / 14:17

Фота: БЕЛТА.

«Толькі Беларусь, сам Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка ў найноўшай сваёй гісторыі зрабілі святам Днём Незалежнасці дзень, калі Беларусь была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. [3 ліпеня быў вызвалены толькі Мінск, дата вызвалення Гродна — 16 ліпеня, а ўся тэрыторыя краіны была вызваленая ў канцы ліпеня 1944 года — НН] Усе астатнія рэспублікі прыдумвалі свае дні незалежнасці менавіта тады, калі, з іх пункту гледжання, яны былі вызвалены ад СССР», — цытуе Гаўрыілу БЕЛТА.

«На першапачатковым этапе, калі малады яшчэ Аляксандр Рыгоравіч стаў Прэзідэнтам, было цяжка, але з божай дапамогай ён змог пераадолець перыяд 90-х. Ён даверыўся рэальным гістарычным фактам, на нашы каштоўнасці, на тое, што сапраўды было здабыта найвялікшымі працай, подзвігамі, крывёю, смерцю. І гэты дзень вызвалення, калі кожны трэці беларус паклаў жыццё сваё за тое, каб мы з вамі сёння сустрэліся, менавіта гэты дзень у нас Дзень незалежнасці нашай краіны. Гэта вельмі правільна», — дадала Гаўрыіла.

Ігумення таксама адзначыла сацыяльную накіраванасць беларускай палітыкі «ў адрозненне ад краін Захаду». «Шматдзетныя сем'і атрымліваюць кватэры ад дзяржавы, дзеці ў садках выхоўваюцца бясплатна, ахова здароўя бясплатная. Столькі сацыяльнай рознай дапамогі аказваецца. Вядома, можна ўсюды знайсці нейкія недаробкі, промахі. Але трэба дзякаваць Богу, што Гасподзь даў гэтай краіне і ў гэты час такога кіраўніка, як Аляксандр Лукашэнка», — заявіла Гаўрыіла.

Ігумення даўно вядомая як актыўная прыхільніца Лукашэнкі, зацята змагаецца з нацыянальным беларускім рухам, апраўдвае ваенную агрэсію Расіі супраць Украіны і ўвогуле апантана прасоўвае ідэі «рускага свету».

У 2020 годзе, калі нават кіраўніцтва БПЦ нейкі час спрабавала трымаць больш-менш узважаную пазіцыю, ігумення Гаўрыіла адкрыта выступіла на баку Лукашэнкі і сілавікоў, благаслаўляючы разгорнуты шырокамаштабны дзяржаўны гвалт, выступала з агрэсіўнымі прамовамі на дзяржаўных мерапрыемствах і дарыла пачастункі амапаўцам. Гэта несумненна адна з найбольш адыёзных фігур у сучасным беларускім праваслаўі. 

Nashaniva.com