У Пінску прайшоў «Парад калясак». Перамагла — у выглядзе БелАЭС

Учора ў Пінску прайшоў «Парад калясак», якія фантазіяй сваіх стваральнікаў павінны былі ўразіць гасцей свята і журы. Перамагла сапраўды незвычайная каляска. 

04.07.2023 / 09:56

На свяце былі каляскі самыя розныя: і ў выглядзе казачнага доміка, і ў выглядзе газавай пліты. 

Вызначыць пераможцу было складана, як піша мясцовае выданне «Пінскі Веснік». Усе ўдзельнікі шоу атрымалі сертыфікаты і іншыя падарункі. Але першае месца прызначылі сям'і Вярэнічаў. 

Яны зрабілі каляску ў выглядзе БелАЭС.

У шматдзетнай сям'і Вярэнічаў найстарэйшаму сыну Уладзіміру — пяць гадоў, блізнятам Юрыю і Дзмітрыю — па сем месяцаў. Бацькі Наталля і Ігар працуюць у Пінскіх цеплавых сетках — філіяле РУП «Брэстэнерга». Чаму іх натхніла акурат выява Беларускай АЭС? 

— Нашы малыя — сапраўдны ядзерны рэактар. Гэта невычэрпная крыніца энергіі, святла і цяпла, — адказала маці Наталля. 

Nashaniva.com