Атака Расіі на Запарожскую АЭС закране ўвесь свет — топ-чыноўнік NATO

«Калі гэта адбудзецца, то гэта будзе значна большая праблема, чым проста вайсковая праблема ці нешта толькі для NATO», — кажа Роб Баўэр.

04.07.2023 / 13:42

Роб Баўэр. Фота Horacio Villalobos / Corbis / Corbis via Getty Images 

Кіраўнік вайсковага камітэта NATO Роб Баўэр заявіў, што ў выпадку атакі Расіі на Запарожскую АЭС яе наступствы паўплываюць на ўвесь свет. Пра гэта ён сказаў у інтэрв'ю радыёстанцыі LBC.

Паводле яго слоў, гэта тое, да чаго будзе прыцягнуты ўвесь свет, бо такая падзея акажа вялікі ўплыў на Еўропу. «Калі гэта адбудзецца, то гэта будзе значна большая праблема, чым проста вайсковая праблема ці нешта толькі для NATO», — дадаў Баўэр.

Ён удакладніў, што паколькі гэта будзе экалагічная і медыцынская катастрофа, то яна выйдзе за рамкі NATO і пытанняў бяспекі.

У той жа час, прызнаўся кіраўнік ваеннага камітэта NATO, ён не можа сабе ўявіць, што шэраг краін, якія падтрымліваюць РФ, падтрымаюць гэтыя дзеянні яе ўрада.

«І таму можна было б думаць, можна было б спадзявацца, што рускія гэтага не зробяць, таму што я думаю, што гэта пазбавіць іх значнай часткі падтрымкі, якую яны маюць у свеце, калі яны на гэта пойдуць», — перакананы Баўэр.

Раней прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што сцэнар мініравання Запарожскай АЭС для расійскіх акупантаў зацверджаны.

У сувязі з пагрозай катастрофы на Запарожскай АЭС украінскі лідар таксама заклікаў ЕС працаваць над наступным пакетам санкцый і ўвесці абмежаванні супраць расійскай кампаніі «Расатам».

Чытайце таксама:

«Расатам» пакідае Запарожскую АЭС, персаналу далі інструкцыі ва ўсім вінаваціць Украіну — ГУР Украіны

Наколькі вялікая імавернасць падрыву Запарожскай АЭС?

Nashaniva.com