Яшчэ адна зорка сусветнага футбола перабіраецца ў Саудаўскую Аравію

Пра падпісанне кантракта з форвардам «Ліверпуля» Раберта Фірміна абвясціў «Аль-Ахлі».

05.07.2023 / 07:59

Раберта Фірміна. Фота Charlie Crowhurst / Getty Images 

31-гадовы бразілец падпісаў кантракт да 2026 года, як паведаміў клуб у твітары. Фірміна перайшоў у новы клуб у статусе свабоднага агента.

Si Señor #WelcomeFirmino

pic.twitter.com/w0k9ell39A

— Al-Ahli Saudi Club (@ALAHLI_FCEN) July 4, 2023

Раней «Аль-Ахлі» купіў галкіпера «Чэлсі» Эдуара Мендзі за 16 мільёнаў фунтаў.

Фірміна пачынаў кар'еру ў бразільскім «Фігейрэнсе», потым гуляў за нямецкі «Хофенхайм» (2011-2015), у «Ліверпуль» перайшоў у 2015 годзе. Правёў 256 матчаў, забіў 82 галы.

У снежні 2022 года ў Саудаўскую Аравію перабраўся з «МанЮнайтэд» Крыштыяну Раналду. А ўжо летам 2023 года справа была літаральна пастаўленая на паток.

Спачатку да «Аль-Ітыхад» далучыліся французы Карым Бензема («Рэал») і Н'гало Кантэ («Чэлсі»), да «Аль-Хіляль» — партугалец Рубен Невеш («Вулверхэмптан»). Таксама пра пераезд паведаміў Каліду Кулібалі («Чэлсі»).

Напэўна тым жа маршрутам адправіцца яшчэ адзін гулец «Чэлсі» — мараканскі паўабаронца Хакім Зіеш.

У «Ан-Наср» пераходзіць з «Інтэра» харват Марцэла Брозавіч.

Але мясцовыя клубы хочуць яшчэ больш зорак.

Разам з тым адмовіліся пераязджаць Ліянель Месі, Лука Модрыч, Тоні Крос, Неймар, Жордзі Альба.

Таксама арабы спрабуюць дамовіцца з трэнерамі. Вяліся перамовы з Масімільяна Алегры і Жазэ Маўрынью. Партугальцу нават давалі 30 мільёнаў еўра за сезон. Ён адмовіўся, каб застацца ў «Роме». Затое дамовіліся з легендай «Ліверпуля» Стывенам Джэрардам. Ён будзе трэніраваць «Аль-Ітыфак».

Чытайце таксама:

Неймара аштрафавалі на 5 мільёнаў даляраў. І гэта не звязана з футболам

На пасаду галоўнага трэнера футбольнай зборнай Беларусі разглядаецца легенда «Барселоны» — БФ

Партугальскі журналіст назваў Крышціяну Раналду карысным ідыётам на службе адной з найгоршых дыктатур у свеце

Nashaniva.com