Міліцыя сцвярджае, што затрымала жыхара Наваполацка, які абліў фарбай аўтамабіль расійскага Z-гастралёра. Але відэа заблюранае

дапоўнена

Супрацоўнікі Наваполацкага ГАУС затрымалі чалавека, які, на іх меркаванне, абліў белай фарбай аўто прарасійскага Z-актывіста Сяргея Юдаева. Але на міліцэйскім відэа твар і голас змененыя і нумары заблюраныя, што незвычайна для відэа такога тыпу.

05.07.2023 / 10:21

Ім аказаўся 53-гадовы мясцовы жыхар, які працуе на адным з прадпрыемстваў горада. Цяпер ён затрыманы.

У затрыманага на міліцэйскім відэа твар і голас змененыя і нумары заблюраныя, што незвычайна для відэа такога тыпу, якія змяшчаюць сілавікі.

Пацярпелы Сяргей Юдаеў — прарасійскі актывіст з Харкава, які цяпер актыўна падтрымлівае Расію ў вайне супраць Украіны і збірае сродкі для дапамогі расійскім вайскоўцам. Па нейкіх сваіх справах ён прыехаў у Наваполацк і атрымаў тут «падарунак».

Машына Юдаева на крымскіх нумарах і са знакам Z на ёй стаяла на стаянцы каля аддзялення мясцовай міліцыі.

Прапаганда вайны і распальванне варожасці да Украіны, краін Еўропы і ЗША, а таксама палітычных праціўнікаў Лукашэнкі вядзецца ў Беларусі свабодна і маштабна, любое супрацьдзеянне гэтаму караецца.

Nashaniva.com