Улады Мінска расказалі, калі пачнуць будаваць кватэры на месцы шматпакутнага «Гулівера»
Дэмантаж на вядомым аб'екце — даўгабудзе, размешчаным на вуліцы Прытыцкага, завершаны. Пра гэта «Мінск-Навінам» распавяла дырэктар УКБ Мінгарвыканкама Анжэла Бабарыка.
06.07.2023 / 08:07
Нагадаем гісторыю пытання. На тэрыторыі паміж вуліцамі Прытыцкага і Дуніна-Марцінкевіча прыватны інвестар яшчэ ў пачатку 2000-х пачаў будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу «Гулівер», які меўся ўключаць у сябе гандлёвыя і забаўляльныя аб'екты, а таксама шматузроўневую аўтамабільную стаянку.
Работы на пляцоўцы спыніліся яшчэ на пачатковым этапе, на ўчастку толькі пачаў расці каркас будучага будынка. Аб'ект ператварыўся ў даўгабуд.
Пазней кампанія-забудоўшчык была падвергнутая працэдуры банкруцтва, аб'ект некалькі разоў спрабавалі прадаць на аўкцыёне, але беспаспяхова. У пачатку 2022 года даўгабуд быў прыняты горадам і перададзены УКБ Мінгарвыканкама для завяршэння. Замест гандлёва-забаўляльнага цэнтра на гэтай пляцоўцы вырашылі ўзвесці жылы комплекс.
Па распрацаванай архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі на пляцоўцы плануюць пабудаваць два індывідуальныя жылыя дамы павышанай камфортнасці з падземнымі паркінгамі, а таксама чатыры дамы ў буйнапанэльным домабудаванні. Забудову дапоўняць аўтастаянкі, аб'екты інжынернай інфраструктуры, дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі.
Дэмантаж пачалі ў студзені гэтага года. Адначасова распрацоўвалі праектную дакументацыю для новага ЖК.
— Дэмантаж выкананы, невялікая частка канструкцый засталася, іх выкарыстаюць для дома і паркінга, — удакладніла А. Бабарыка. — Цяпер мы пачынаем на пляцоўцы перакладку сетак, узвядзенне новых інжынерных збудаванняў.
Плануем, што будаўніцтва жылля пачнём у жніўні. Праект цяпер праходзіць экспертызу.